„Крумкачы” здабылі першае ачко



Дэбютанты вышэйшай лігі менскія „Крумкачы” правялі першы паядынак у мацнейшым дывізіёне айчыннага футболу. І досыць удала прайшлі ў Бабруйску выпрабаванне мясцовай „Белшынай” – 1:1.

Ужо на 4-й хвіліне бабруйскія футбалісты парадавалі сваіх заўзятараў – вызначыўся Аляксандар Юшын. Але яшчэ ў першым тайме „груганы” здолелі параўняць лік і святкаваць поспех. Першы гол „Крумкачоў” у вышэйшай лізе запісаў на свой рахунак Яўген Шыкаўка.

Барысаўскі БАТЭ ў стартавым туры без асаблівых праблемаў давёў сваю перавагу ў Берасьці над мясцовым „Дынамам” – 4:1. У чэмпіёнаў выніковым дуплетам вызначыўся Ігар Стасевіч, іншыя галы на рахунку Міхаіла Гардзяйчука і Аляксея Рыаса. У гаспадароў гол прэстыжу ўдаўся Рамзану Ісаеву.

Іншыя матчы дня завяршыліся так: „Славія” (Мазыр) – „Слуцк” – 1:1 (Дзяніс Лапцеў, 13; Дзмітры Алісейка, 90), „Тарпеда” (Жодзіна) – „Дынама” (Менск) – 0:2 (Ненад Адамавіч, 51, Ягор Зубовіч, 92), „Гарадзея” – „Шахцёр” (Салігорск) – 0:1 (Мікалай Януш, 63), ФК „Мінск” – ФК „Віцебск” – 1:0 (Аляксей Лягчылін, 40).

Беларускае Радыё Рацыя