Станіслаў Шушкевіч: Я – аптыміст і хацеў бы, каб ініцыятывы рэалізоўваліся



Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў, чаму ён увайшоў у аргкамітэт па правядзенні Кангрэса дэмакратычных сілаў, і якія ў яго спадзяванні на гэтае мерапрыемства.

Станіслаў Шушкевіч

Сябры аргкамітэта па падрыхтоўцы Кангрэса дэмакратычных сілаў працягваюць паездкі па рэгіёнах. Якія чаканні ад мерапрыемства ў першага кіраўніка суверэннай Беларусі, якія таксама ўваходзіць у аргкамітэтэт?

Станіслаў Шушкевіч: Я маю пэўныя надзеі на гэтае мерапрыемства, але і не магу сказаць, што ў нас усё атрымліваецца.

РР: Чаму вы вырашылі далучыцца да аргкамітэта?

Станіслаў Шушкевіч: Шчыра кажучы, мне самому прапанавалі гэта зрабіць. Патлумачылі мэты і задачы Кангрэса. Я, безумоўна, такую ініцыятыву падтрымаў.  Але цяпер, калі працую у аргкамітэце, бачу шмат складанасцей. Па-першае, ёсць у нас вельмі шмат прэтэндэнтаў на лідарства. Яны (гэта не тыя, хто ўваходзіць у аргкамітэт) сваім сталым шматгадовым досведам працуюць па нейкай старой схеме. Прабачце, мне ўжо за 80 гадоў, але я так працаваць не магу, як тыя людзі,што хочуць быць на першых ролях. А вось тая каманда, якая імкнецца стварыць Кангрэс, мне прыйшлася даспадобы. Па-першае, туды ўваходзяць незалежныя прафсаюзы РЭП і вельмі дасведчаны і спрактыкаваны чалавек Генадзь Фядыніч. Па-другое, маюцца пэўныя дакументы, якія яшчэ падлягаюць дапрацоўцы. Мы працуем. А што атрымаецца – пабачым.

РР: Але якія тут спадзяванні?

Станіслаў Шушкевіч: Я – аптыміст і хацеў бы, каб ініцыятывы рэалізоўваліся. Праўда, тут ёсць і іншы аспект. Калі ўбачу, што мост будуецца не ўпоперак, а ўздоўж, тады я павінен задумацца, што мне рабіць далей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя