Кампанія „Права выбару” прадставіла справаздачную кнігу
Кампанія па назіранні за выбарамі „Права выбару” прадставіла кнігу, у якой падсумаваны фактычны матэрыл аб прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка 2015 году.
На больш чым трох сотнях старонках выдання сабраныя разнастайныя факты, сведчанні, каментары не толькі ад незалежных праваабаронцаў, але і з афіцыйных крыніц, у тым ліку Цэнтрвыбаркаму. „Па паўнаце матэрыялу аб прэзідэнцкай кампаніі 2015 году гэта ўнікальная ў Беларусі кніга,” – кажа каардынатар „Права выбару” Дзяніс Садоўскі.
– Гэта гістарычны дакумент, які мы зрабілі, каб любы эксперт, любы міжнародны, беларускі палітык, які хацеў бы даведацца, як адбываліся выбары ў 2015 годзе, дзякуючы гэтай кнізе, мог бы атрымаць максімальна поўную інфармацыю. У кнігу ўключаныя раздзелы са справаздачы кампаніі “Права выбару”, па ўсіх этапах, – пачынаючы ад фармавання ўчастковых тэрытарыяльных выбарчых камісій і рэгістрацыі кандыдатаў, і сканчваючы непасрэдна самім днём выбараў і нядопускам нашых назіральнікаў да падліку галасоў.
„Галоўная выснова кнігі – выбары прэзідэнта, якія прайшлі летась, не з’яўляюцца свабоднымі і дэмакратычнымі, іх немагчыма было прызнаць,” – адзначыў Дзяніс Садоўскі.
І гэтыя высновы беларускіх назіральнікаў супадаюць з меркаванніямі замежных калегаў, напрыклад, назіральнікаў місіі АБСЕ.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя