Васіль Парфянкоў адбыў чарговыя суткі у штрафным ізалятары
Васіль Парфянкоў адбыў чарговыя 5 сутак у штрафным ізалятары калоніі №9 у Горках. Пра гэта ён напісаў кінарэжісёру і грамадскай дзяячцы Вользе Мікалайчык, з якой стала лістуецца. У ШЫЗА ён трапіў пасля канфлікту з адміністрацыяй
– Яго выклікалі да начальніка, які зноў сказаў: “Ці ты будзеш падпісваць паперыну на дабраахвотную працу?” Васіль сказаў: “Не падпісваў, не падпісваю, не буду падпісваць і няма сэнсу са мной пра гэта гаварыць! Я ні за што сяджу і я не мушу на вас працаваць!” На гэта начальнік сказаў: “Ці надоўга цябе хопіць?” Васіль адказаў: “На ваш век хопіць”. Вядома, раззлаваў, і яны яго адправілі ў ШЫЗА.
Таксама Васіль Парфянкоў паведаміў, што атрымаў у апошні час лісты з Літвы і Швецыі. А вось з Беларусі лістоў прыходзіць вельмі мала.
Па словах Вольгі Мікалайчык, гэта вельмі здзіўляе. І Парфянкову, і ўсім палітзняволеным патрэбна падртымка. Тым больш, што Васіль знаходзіцца ў адзіночцы, у яго няма нават тэлевізара ў камеры. „Таму мы плануем распачаць кампанію інфармацыйнай падтрымкі палітзняволеных і заклікаем людзей падтрымаць Васіля і іншых палітзняволеных сваімі лістамі”, – кажа Вольга Мікалайчык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя