Хто распаліў агонь вайны ў Нагорным Карабаху?



aramЯк у Арменіі ацэньваюць тое, што сёння адбываецца ў Нагорным Карабаху? Пра гэта распавядае журналіст з Ерэвана Арам Чахаян.

Нагадаем, днямі аднавіліся актыўныя баявыя дзеянні з прымяненнем цяжкіх відаў узбраення у раёне Нагорнага Карабаха. І Арменія, і Азербайджан зараз абвінавачваюць адзін аднаго, у кожнага свая праўда.

Тым часам, прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян заявіў на сустрэчы з пасламі краін АБСЕ, што абвастрэнне канфлікту ў Нагорным Карабаху можа перарасці ў поўнамаштабную вайну.

Арам Чахаян: На гэты момант, наколькі мне вядома, баявыя дзеянні крыху сцішыліся, хаця сутычкі, безумоўна, працягваюцца. Мяркуецца, што Расея паспрабуе вырашыць гэтае пытанне мірным шляхам, кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў будзе сустракацца ў Баку з азербайджанскім кіраўніцтвам. Па нашай інфармацыі, азербайджанцы на самой справе захапілі некалькі вельмі важных стратэгічных кропак, але некаторыя баявыя пазіцыі армяне вярнулі назад.

РР: Ваша меркаванне – з чаго ўсё пачалося? Хто ізноў распаліў агонь вайны ў Нагорным Карабаху?

Арам Чахаян: У такім выпадку кажуць: колькі экспертаў – столькі меркаванняў. Усе яны супрацьлеглыя, таму вельмі складана вызначыць адно нейкае галоўнае. Але ўсіх цікавіць: чаму менавіта сёння ўспыхнуў канфлікт, які знаходзіўся ў замарожаным стане ўжо шмат гадоў? У Арменіі з гэтай нагоды некаторыя кажуць, што адной з прычын эскалацыі канфлікту стала тое, што Расея зараз занята сірыйскай праблемай , а таму Азербайджан выкарыстаў момант. Ёсць меркаванне, што Турцыя тут не апошнюю ролю згуляла. Адным словам, чырвонай ліній праходзіць канфлікт Турцыі з Расеяй, які перакінуўся на Нагорны Карабах.

РР: Які далейшыя прагнозы?

Арам Чахаян: Арменія мае намер вырашаць гэтае пытанне ваенным шляхам, таму што іншых варыянтаў, мяркую, няма. Вялікая колькасць шматгадовых перамоваў, каб вырашыць праблему мірным шляхам, ні да чаго, па сутнасці, не прывялі. А ўвогуле, сітуацыя паказала, што зараз Арменія разглядае ў якасці партнёра толькі Расею. Таму што, як мяркуюць у нас многія, і Беларусь, і Грузія ў гэтай ваеннай сітуацыя падтрымліваюць Азербайджан. А паколькі і Расея зараз маўчыць, то нам наогул няма на каго спадзявацца, акрамя саміх сябе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя