Дэлегацыя Беларусі едзе ў Брусель
Першае пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь – ЕЗ пройдзе 6—7 красавіка ў Бруселі, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Дэлегацыю Беларусі на мерапрыемстве ўзначаліць намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі правядзе таксама шэраг двухбаковых сустрэч у органах кіравання Еўрапейскага звяза.
Пра стварэнне каардынацыйнай групы раней паведаміла ў інтэрв’ю tut.by кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын. Паводле яе слоў, гэта новы фармат для перамоў паміж афіцыйным Менскам і Бруселем, які прыйдзе на змену папярэдняму этапу кансультацый (прамежкавай фазе дыялогу аб мадэрнізацыі).
Дакладны склад групы яшчэ абмяркоўваецца, сказала Віктарын. З боку Бруселя будуць прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Паводле яе слоў, плануецца прыцягваць да працы і галіновых чыноўнікаў з абодвух бакоў у залежнасці ад пытання, што абмяркоўваецца. Група будзе сустракацца два разы на год.
„Ёсць агульная дамоўленасць, што грамадзянская супольнасць будзе прыцягвацца да дыялогу, калі неабходна і калі на гэта ёсць згода абодвух бакоў”, — адзначыла Віктарын.