Язэпу Варонку – 125 гадоў
4 красавіка споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння беларускага палітычнага дзеяча, журналіста, публіцыста, аднаго з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху ў ЗША Язэпа Варонкі (1891-1952).
Радзімай Язэпа Варонкі з’яўляецца Сакольшчына на Беласточчыне, дзе ён нарадзіўся 4 красавіка 1891 года. Дзіцячыя гады Язэпа прайшлі на Беласточчыне, а вось юнацтва і палітычны вопыт набіраліся ў Санкт-Пецярбургу. Там юнак пэўны час слухаў лекцыі на юрыдычным факультэце мясцовага універсітэта, супрацоўнічаў з рознымі пецярбургскімі газетамі і часопісамі і свае матэрыялы падпісваў Юрый Вегаў. Да 1917 года паэту і публіцысту Юрыю Вегаву ў Пецярбургу жылося даволі нядрэнна і весела. Аб гэтым нават згадвае В.Ункоўскі ў рускім часопісе “Возрождение” (Парыж, жнівень, 1956 г.): “Сакратаром рэдакцыі быў сімпатычны студэнт-юрыст Пецярбургскага універсітэту Язэп Якаўлевіч Варонка — беларус з Беластока. Высокі прыгожы брунет, ён хадзіў не ў сціплай тужурцы, а ў адмыслова пашытым студэнцкім сурдуце, зашпіленым на ўсе гузікі. Падкрэслена запаволены, заўсёды чыста паголены, валасы на прабор і нязменная памада. Ужываў дарагую “мужчынскую” парфуму й добра знаўся з ёю.
Жыў ён у памяшканні рэдакцыі (Неўскі праспект, нумар 3, насупраць Галоўнага Штабу), спаў на стосах непрададзеных газетаў ( а іх тут былі горы). Заробленыя прагульваў за лічаныя дні, а пасля любіў наспеўваць нешта пра кішэню з дзюркай.
У Пецярбургу выходзіў невялічкі часопіс “Театральное обозрение”, які каштаваў 5 капеек, дзе штодня друкаваліся падрабязныя афішы ўсіх спектакляў і канцэртаў, а таксама тэатральная хроніка. Варонка даваў інфармацыйныя зацемкі, а таму быў сталым наведнікам тэатральных грымёрных і, заляцаўся да артыстак”. Далей аўтар успамінае: “Пазнаёміўся я з Варонкам у 1913 годзе, а эпісталярна мы былі знаёмыя з 1911 году. Тады я быў рэдактарам другога “Всероссийского Студенческого Сборника”. Першы з’явіўся за колькі год перад тым пад рэдакцыяй І. Буніна і М. Целяшова. Варонка даслаў мне для зборніка падпісаную ягоным прозвішчам празаічную мініяцюру “Осеннее” і два вершы пад псеўданімам Юры Вегаў. Усё гэта я надрукаваў. Чысты прыбытак ад продажу зборніка прызначаўся Пяцігорскаму студэнцкаму санаторыю. Першае выданне разышлося, а калі зімою 1913 года я пазнаёміўся з Варонкам, мы задумалі выпусціць “Всеросийский Студенческий Сборник” другім выданнем. Так і сталася: увесну 1914 года другое выданне выйшла, дзякуючы незвычайнай энергіі Я.Я.Варонкі, — кніга з’явілася ў вітрынах кнігарняў Пецярбургу, Масквы, Харкава, Кіева і іншых гарадоў.
Мы з Варонкам сустракаліся не радзей як два-тры разы на тыдзень у рэдакцыі “Воскресной Вечерней Газеты” і ў мяне. Ён быў ня дурань кульнуць чарку, і, памятаю, мы добра гульнулі на маскарадзе “Ярылава ноч”, дзе ўсё было дагары нагамі: Варламаў піў, а Давыдаў танцаваў, і ўсё было накшталт таго ж… І самы танны білет бяз месца каштаваў 25 рублёў, што па тых часох было страшэнна дорага. Я заплаціў за свой “уваходны”, а Варонка, як заўсёды, “злаўчыўся”. Мы весела прабавілі час, скакалі з маскамі, пілі каньяк, цешылі дурня да самай раніцы.
Вайна 1914 году. Мяне мабілізавалі як малодшага доктара ва ўласны санітарны цягнік імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, і з Варонкам мы больш не сустракаліся. Але ён часта пісаў мне і на адрас цягніка, і на маю харкаўскую кватэру. Мушу прызнацца, я адказваў не заўсёды. У ягоных лістах не было нічога актуальнага. Ён працягваў супрацоўнічаць з „Обозрением театров”. Арганізоўваў штотыднёвыя часопісы — “Вереск”, “Колосья”, але яны спыняліся пасля выхаду першага ж нумару. Яму фатальна не шанцавала. Сябраваў з вядомым таленавітым паэтам Мікалаем Агніўцавым. Той хваліў вершы Варонкі, падпісаныя псеўданімам Юрый Вегаў” (пераклад тэксту з рускай мовы Лявона Юрэвіча).
З 1917 года Язэп Варонка пачынае сур’ёзна займацца палітыкай. Ён уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду, пасля становіцца членам яе Цэнтральнага Камітэта. На розных расійскіх дэмакратычных нарадах і сходах выступаў з прадмовамі ў абарону Беларусі, а таксама супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі.
Жывучы ў Петраградзе, Язэп Варонка ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў гэтым горадзе па аказанні дапамогі тым, хто пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У канцы 1917 года ён прыязджае ў Менск, дзе яго абіраюць камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Варонка актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. А ў лютым 1918 года ён становіцца старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў.
25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Язэп Варонка быў яе адным з арганізатараў і ініцыятараў.
Наогул, Язэп Варонка заўсёды лічыў, што ворагамі беларускага адраджэння з’яўляюцца Расія і Польшча. Адмоўна ацэньваў палітыку ў нацыянальным пытанні як Часовага ўрада Расіі, так і Савета Народных Камісараў. Адначасова асуджаў захоп Беларусі войскамі Польшчы, паказваў крывадушнасць палітыкі польскіх акупантаў, выкрываў іх і крытыкаваў. У сваёй кніжцы “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году” (Коўна, 1920 г.) Язэп Варонка сур’ёзна ўзняў пытанні роднай мовы, адносіны да яе палякаў, рускіх і немцаў. Ён пісаў: “Расейскія русыфікатары лаялі беларускіх дзеячоў за тое, што яны “польскія найміты” і так далей, але ў той самы час палякі ўсюды выступалі проці таго, каб ніякім спосабам не ўводзіць беларускай мовы ў касцёле, бо гэта ёсьць пераход да маскалёў і схызматыкаў. Такім чынам із аднаго і з другога боку беларускую справу залічалі, то да польскай, то да маскоўскай інтрыгі, але фактычна ні адна з гэтых старон справе не дапамагала… А вось немцы падавалі вялікія надзеі ў дапамозе адраджэньню беларускае культуры і распаўсюджэньню беларускага руху. Не можна ўпусьціць з вока таго факту, што фэльдмаршал Гіндэнбург першы ў пачатку 1916 году асобным расказам абьявіў беларускую мову ў старой акупацыі мовай раўнапраўнай іншым мовам у краі: літоўскай, жыдоўскай і польскай. Пры немцах на беларускай мове друкаваліся адозвы, пашпарты, падтрымліваліся беларускія школы, школьныя выдавецтва…”.
У 1923 годзе Язэп Варонка пакінуў Беларусь і эмігрыраваў у ЗША, дзе і пражыў усё сваё астатняе жыццё (памёр 4.6.1952 г.). Там наш суайчыннік быў адным з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху. Ён узначальваў Беларуска-Амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету, арганізоўваў і вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё. Больш шчыра пра амерыканскі перыяд жыцця Язэпа Варонкі напісаў у сваёй кнізе “Беларусы ў ЗША” (Мн., 1993) Вітаўт Кіпель: “Язэп Варонка быў выдатным пачынальнікам і кіраўніком беларускага руху ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у гэтую краіну зь ініцыятывы Янкі Чарапука як прадстаўнік Рады БНР. Я.Варонка да свайго прыезду ў Злучаныя Штаты меў ужо значны досьвед палітычнага кіраўніцтва, займаючы пэўны час сярод іншага пасаду прэм’ер-міністра Беларускае Народнае Рэспублікі. Ён быў высокаадукаваным чалавекам. Ён адыграў значную ролю ў грамадскім і палітычным жыцьці амэрыканскіх беларусаў, а ягонае напахіснае жаданьне заснаваць магутную беларускую арганізацыю заслугоўвае ўсялякае павагі…”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя