Шуневіч прызнаў памылку міліцыі ў справе Мацкевіча



Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч прызнаў, што супрацоўнікі міліцыі памыліліся на судзе 15 сакавіка, заявіўшы, што бачылі філосафа і грамадскага дзеяча Уладзіміра Мацкевіча на адной з акцый ІП 15 лютага. Пра гэта міністр заявіў журналістам у Палаце прадстаўнікоў 5 красавіка, паведамляе tut.by.

„Адназначна магу заявіць, што супрацоўнікі міліцыі зрабілі памылку ў ідэнтыфікацыі асобы чалавека. Нагодай стала моцнае візуальнае падабенства з удзельнікам дадзенага мерапрыемства. Разбіральніцтва ідзе, мы лічым іх няправымі. На дадзеным этапе можна сказаць, што гэта памылка”, – сказаў кіраўнік МУС.

Нагадаем, Мацкевіча 15 сакавіка судзілі ў Цэнтральным раённым судзе Менска за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», а менавіта — за акцыю пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла 15 лютага. Міліцыянты ў судзе сцвярджалі, што бачылі яго з плакатам «Працу!». Аднак у часе працэсу высветлілася, што сам Мацкевіч у гэты дзень быў у Варшаве, што пацвярджаюць штампы ў пашпарце аб выездзе і ўездзе ў краіну і квіткі на самалёт.

Суд над Мацкевічам

Суддзя вырашыла адправіць адміністрацыйны пратакол супраць Мацкевіча на дапрацоўку. Філосаф падаў заяву ў пракуратуру з просьбай прыцягнуць трох супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці за ілжывыя паказанні.