Што думаюць беларусы пра забарану абортаў?



Вялікі рэзананс у Польшчы выклікала прапанова прэм’ер-міністра Беаты Шыдлы  падтрымаць  ініцыятыву закона, які цалкам забараняе аборты.

Пакуль у Польшчы аборты дазволены ў трох выпадках: калі пад пагрозай жыццё ці здароўе маці, калі цяжарнасць з’яўляецца вынікам згвалтавання і ў выпадку цяжкай хваробы плода.

Праблему абортаў абмяркоўваюць не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Грамадскія актывісты па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, напрыклад, збіраюць подпісы ў Парламент таксама за падобную прапанову.

А што думаюць простыя беларусы на гэты конт, мы запыталіся ў мінакоў Глыбокага:

– Гэта ж дзеці. Нельга так рабіць. Кожны мае права на жыццё. Калі не будзе магчымасці даглядаць самому, то ёсць бацькі, могуць даглядаць сёстры, браты, у крайнім выпадку – дзяржава.

– Трэба каб быў выбар. У жыцці ёсць розныя сітуацыі. Калі жорстка ўвядуць забарону на аборты, то будзе складана, бо не кожная сям’я можа выхоўваць дзіця. Папоўняцца дзіцячыя дамы.

– Бог яго ведае! Дзяцей вельмі цяжка гадаваць. Усё вельмі дарагое. Бутэлечка з соскай каштуе 80 тыс рублёў! Гэта ж жах!

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у 2014 годзе  ў Беларусі было зарэгістравана каля 25 тысяч абортаў, статыстыка ўключае ў іх лік таксама самаадвольныя, якія складаюць каля 20% абортаў. Але медыкі адзначаюць, што  колькасць абортаў з кожным годам зніжаецца.

Па статыстыцы, штогод каля 400 дзяўчат да сямнаццаці гадоў робяць аборты. Доля абортаў у такім узросце ў агульнай іх колькасці складае каля 2%.

У Беларусі перарываць цяжарнасць дазволена да 12-га тыдня без тлумачэння прычын, а на больш позніх тэрмінах – па сацыяльных паказаннях.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае