Як Нінел Гілевіч стаў Нілам



Дзевяць дзён без Гілевіча. Наш карэспандэнт Стась Дэдэрка пабываў у вёсцы Слабада, што ў Лагойскім раёне Менскай вобласці.

Ніл Гілевіч

Менавіта там нарадзіўся народны паэт Беларусі. Мясцовыя жыхары распавялі, адкуль узялося імя Ніл і дзе шумяць тыя самыя бярозы, увекавечаныя ў славутай песьні.

Дачніца:

– Нічога не ведаю. Я яго не бачыла.

РР: А можа ёсць у вёсцы хто вучыўся з ім?

– Баба Зіна, можа яна ведае. Яна старая мясцовая жыхарка, яна можа і распавядзе, а так тут больш нікога няма.

Мясцовая жыхарка Зінаіда Бурбоўская:

РР: Ці маглі б вы пра Ніла Гілевіча штосьці сказаць?

– Харошы чалавек. Па суседству заўсёды жылі тут.

РР: Вы яго з дзяцінства ведалі?

– Так.

РР: Можа разам у школу хадзілі?

– Не, ён старэйшы гады на два. Пасля вайны здаецца ўсе прыйшлі ў адзін клас. Ён хутка прайшоў другі, трэці і чацвёрты клас.

РР: Добра вучыўся?

– Добра вучыўся, ён за два гады тры, чатыры закончыў. Дарослы чалавек, можа ўжо да вайны хадзіў, вось у чым справа.

РР: А чаму ў яго такое рэдкае імя было?

– Не ведаю. Нават казалі, што не Ніл, а Нінел, каб наадварот чыталася, як Ленін. Так пагаворвалі, але я не ведаю праўда гэта ці не.

РР: Ці часта ён сюды ў вёску прыязджаў, калі ўжо пераехаў у Менск?

– Прыязджаў, хадзіў, вітаўся з усімі. Вядома ж знаёмы, свой чалавек.  

РР: А як навіна дайшла пра тое, што ён памёр? Хутка даведаліся?

– Хутка, з тэлебачання.

РР: Ці спяваюць у вёсцы песню: “А я лягу, прылягу”?

– Першая, дзе толькі якое вяселле ці што.

РР: Адразу спяваюць гэтую песню?

– “Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы”.

РР: Ён відаць недзе тут і напісаў гэты верш?

– Можа быць на сваёй сядзібе, там шмат бяроз у яго, гэта ўжо брат Коля садзіў. Многа там, можа штук сорак іх, вялізных цэлы шэраг. Ну канешне ж ён бачыў гэта, дык можа з-за гэтага і песня атрымалася.

РР: Няма нейкіх шыльдаў, улады нічога не хочуць тут усталяваць у памяць пра Ніла Сымонавіча?

– Няма тут нічога.

РР: А мясцовых шмат засталося? Ці ў асноўным зараз тут дачы і гараджане селяцца?

– Амаль што ўсе дачнікі.

Брат Ніла Гілевіча Сальвір Гілевіч:

– У яго быў дар Божы, у яго іскра Божая была. У параўнанні з вясковымі хлапчукамі, равеснікамі меншымі, якія кніжку ў рукі не бралі, ён запоем чытаў.

РР: Раскажыце пра вашу сям’ю, колькі там было дзяцей і чаму такія незвычайныя імёны ваш бацька даваў?

– Сям’я вялікая – восем чалавек дзяцей. Мой бацька быў першы камсамолец у наваколлі. Для свайго часу ён быў вельмі адукаваны чалавек, чатыры класы царкоўна-прыходскай школы, ён быў вельмі вялікі аўтарытэт. Па-другое, ён быў такі арганізатар, бацька быў начытаны. Быў нейкі такі ўздым, нейкі такі рэвалюцыйны ў тыя гады. Ён быў першапраходзец, можна так сказаць, вось гэтыя імёны даў: Марат, Нінел, мяне Сальвірам назвалі. Мы потым ужо пыталіся ў бацькі, як так? Маё імя ад нейкага італьянскага рэвалюцыянера Сальвіро. Нінел – гэта Ленін наадварот. Пакуль маладыя былі, пакуль ён малады быў у школе, то ніякіх нязручнасцяў не было. А потым, як пайшоў вучыцца, а тым больш як пачаў друкавацца, то ўзнікла такая непрыемная калізія. Напрыклад, адаслаў у рэдакцыю свой верш на друк, а там нават не зразумелі хто гэта – выправілі Нінел на Нінель, як быццам дзяўчына. Хаця трэба сказаць шчыра, што і ў сям’і, і вяскоўцы яго Нінел не называлі, называлі заўсёды Нініл. То бок гэта наша нейкае такое зручнае, беларускае вымаўленне. Потым не ўзнікала ніякіх цяжкасцяў – Ніл. Гэта як раз у дзень нараджэння майго брата, гэта як раз дзень святога Ніла. Маці таксама яго так клікала: „Нінілка мой”.

РР: А дзе на ваш погляд ваш брат мог напісаць песню “Вы шуміце бярозы”? Тут у Слабадзе, ці можа па дарозе недзе?

– Мы яго пыталіся, бо сам тэкст вельмі лагойскі і пры гэтым не толькі лагойскі, а і менавіта слабодзкі. Я вам скажу чаму, бо ў нас адразу асацыяцыя ўзнікла. Наша сястра Лена Сямёнаўна жыла ў самым канцы вёскі. Невялічкі пагорак там, а з гэтага пагорку відаць даліну, і ў гэтай даліне была такая гара, якая зараз знікла, яе расцягнулі на гравій па дарозе. Вось гэта адна асацыяцыя, а другая асацыяцыя, як пад’язджаеш пасля Слабады да Гайны і паварочваеш на трасу Лагойск – Янушкавічы, справа ў гэтым месцы рос вельмі стары дуб. Чым яно цікавае, там заўсёды збіралася моладзь, там ладзілі ўсё, розныя гульні і вогнішчы раскладалі, праўда, гэты дуб не вытрымаў нагрузкі.

РР: Як вы ставіцеся да таго, што ў апошнія гады жыцця Ніл Сымонавіч быў у такой апале, у не надта добрых адносінах з уладамі?

– Улады яго не заўважалі, ёсць такая тактыка, проста не заўважалі. Тое, што я пабачыў на пахаванні, я пабачыў, якая любоў, прызнанне народа. Хай кожны з гэтых чыноўнікаў, якія такім чынам адносіліся, хай яны дачакаюцца такога. Ёсць чым брату ганарыцца, пакінуў след на зямлі дай Бог, каб кожны пакінуў такі след. Канешне шкада, што не дачакаўся, такую вялікую справу ў 90-х гадах зрабіць, а потым усё так зруйнаваць. Ён жыў з надзеяй, жыў з вялікай надзеяй, усё рабіў для гэтага.

З родных братоў і сясцёр Ніла Гілевіча засталося трое. У іх ліку наймаладзейшы Сальвір, былы вайсковец, і Мікола Гіль, літаратар, ён часта бывае ў Слабадзе, даглядае бацькоўскі дом. Увогуле ў перспектыве траса Лагойск – Янушкавічы магла б атрымаць імя Ніла Гілевіча ды стаць турыстычным маршрутам. На гэтым шляху паэт нарадзіўся і штораз дабіраўся гэтай дарогай з Менска да роднае вёскі.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя