Беларусь хоча выйсці на новы ўзровень стасункаў з Еўропай



“У Беларусі з’явілася магчымасць вывесці на новы ўзровень свае дачыненні з Еўразвязам”, – заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Паводле яго, такая магчымасць з’явілася дзякуючы намаганням Беларусі ў забеспячэнні міру і стабільнасці ў рэгіёне, яе ролі ва  ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Андрэйчанка таксама расказаў пра планы візіту ў Беларусь дэпутатаў Еўрапейскага парламента:

– Мы гатовы працаваць з усходнімі калегамі ва ўсіх фарматах. Відавочнае зацікаўленне ў развіцці ўсебаковых сувязяў з Беларуссю праяўляюць і нашы партнёры. Я мяркую, што развіццю такой супрацы ў межах еўрапейскіх парламенцкіх структур будуць садзейнічаць запланаваныя візіты ў Менск дэлегацыі Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора і дэпутатаў Еўрапарламента.

6 красавіка ў Бруселі пачынаецца двухдзённае пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь-Еўразвяз. Плануецца, што падобныя пасяджэнні будуць адбывацца перыядычна, два разы ў год. На чале афіцыйнай беларускай дэлегацыі – намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына.

Паводле БелаПАН

Фота 4esnok.by