У Менску – зноў суды (абнаўляецца)



Суд Маскоўскага раёну Менска 6 красавіка аштрафаваў аднаго з лідараў БХД Паўла Севярынца на 45 базавых велічынь. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 14 сакавіка, які прайшоў у Менску ля будынка Міністэрства па падатках і зборах.

На судзе ён не прысутнічаў.

42516A53-C6C1-48DA-8E82-14A459E67459_mw1024_s_n

15 базавых велічынь штрафу прысудзілі лідару прадпрымальнікаў Анатолю Шумчанку. Судзіла яго Тацяна Матыль, якая да адмены санкцыяў Еўразвязу была ў спісе неўязных у краіны ЕЗ і ЗША.

Анатоль Шумчанка на паседжанні не адмаўляў, што браў удзел у мітынгу каля Міністэрства па падатках і зборах ды перадаў у міністэрства заявы прадпрымальнікаў, якія патрабавалі адмены ўказу Лукашэнкі № 222.  15 базавых таму, што гэта першы штраф у гэтым годзе, сказаў Шумчанка:

– Я крычаў: “Свабоду! Работу!” За гэта ж мяне судзілі.  Уяўляеце? У Беларусі судзяць за тое, што крычыш: “Работу!” Гэта ж святое – работа.

Пасьля абеду за той жа мітынг прадпрымальнікаў судзяць былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і былога палітвязня Паўла Севярынца, якія не пайшлі ў суд.

За пікет салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай на заўтра  выклікаюць у Цэнтральны раённы суд Вольгу Мікалайчык, Наталлю Саматыю, Яўгена Батуру. 8 красавіка ў тым жа Цэнтральным судзе за Дзень Волі будуць судзіць таксама грамадскіх актывістаў Леаніда Кулакова, Мікалая Коласа.

* * *

У судзе Маскоўскага раёна павінны разглядацца адміністрацыйныя справы старшыні РГА „Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, а таксама апазіцыйных палітыкаў Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Статкевіч заявіў, што не мае намеру ісці ў суд, такое ж рашэнне прыняў і Павел Севярынец:

– У мяне судоў на тры дні: сёння, заўтра і паслязаўтра. Калі я буду хадзіць на суды, дык жыць не застанецца часу. За прадпрымальніцкую акцыю – сёння, за акцыю ў падтрымку Надзеі Саўчанкі – 7 красавіка, за Дзень Волі – 8 красавіка.

7 красавіка суд Цэнтральнага раёна будзе разглядаць адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў пікетаў у падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, а таксама святкавання Дня Волі 25 сакавіка.

Праваабаронцы таксама нагадваюць пра 11 пратаколаў, складзеных у дачыненні да ўдзельнікаў антырасейскага пікета, што прайшоў ля пасольства РФ 2 красавіка. Суды на іх падставе яшчэ не прызначаныя.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя