Галандская фіга ўкраінцам
Прэм’ер Галандыі Марк Рутэ заявіў, што яго ўрад можа паўторна разгледзець пытанне ратыфікацыі Дамовы аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам. Паводле неафіцыйных вынікаў праведзенага ў сераду 6 красавіка рэферэндуму, большасць яго ўдзельнікаў выказалася супраць ратыфікацыі.
Галандыя з’яўляецца адзінай з 28 краін Еўразвязу, якая дагэтуль не ратыфікавала дамову аб больш цесных палітычных і эканамічных дачыненнях з Украінай. Праўда, галандскі ўрад падпісаў Дамову, маючы на гэта згоду абедзвюх палатаў Парламента, аднак без фармальнай ратыфікацыі дамова павісла ў паветры. Рэч у тым, што дзве еўраскептычныя сілы сабралі патрэбныя 400 тысяч подпісаў і дамагліся правядзення рэферэндуму. Галандцы адказвалі на пытанне: “Вы “за” ці “супраць” асацыяцыі Укріаны з Еўразвязам?” Ініцыятары рэферэндуму лічаць, што Дамова аб асацыяцыі адкрывае Украіне шлях да поўнага сяброўства ў Еўразвязе, а далейшае пашырэнне было б для Еўропы некарыснае. Сам рэферэндум для ўрада мае толькі дарадніцкі характар. Яго вынікі сапраўдныя, калі яўка складзе як мінімум 30%. Сам прэм’ер Марк Рутэ яшчэ ў дзень рэферэндуму заклікаў галасаваць “так”, паколькі гэта “паспрыяе стабільнасці на знешніх межах Еўразвязу”.
Тым часам, паводле поўнага падліку галасоў, аказалася, што яўка склала 32,2%. “За” прагаласавалі 38,1%, “супраць” – 61,1%. Няцэлы працэнт бюлетэняў аказаўся несапраўдным. Афіцыйныя дадзеныя маюць быць аб’яўленыя выбарчай Радай 12 красавіка. Пасля гэтага ўрад краіны вырашыць, што рабіць далей. Прэм’ер Марк Рутэ заявіў, што ўрад у ніякім разе не праігнаруе настрояў у грамадстве. Маўляў, ён “крок па кроку” прааналізуе вынікі галасавання, і дадаў, што правядзе ў гэтым пытанні кансультацыі з іншымі чальцамі Еўразвязу і дэпутатамі свайго Парламента. Па яго словах, гэта зойме нават пару месяцаў. Рэч у тым, што гэта быў рэферэндум не проста ў справе лёсу Украіны, але лічыцца паказнікам стаўлення галандцаў да самога Еўразвязу.
За галандскім рэферэндумам з асабліва павышанай увагай сачылі ў Кіеве, а яго вынікі выразна расчаравалі ўкраінцаў. “Мы зыходзім з таго, што, у адпаведнасці з галандскім заканадаўствам, рэферэндум мае ўсяго толькі кансультатыўны характар. Канчатковае рашэнне пасля ўнутраных дыспутаў і кансультацыяў будзе прымаць урад Галандыі,” – заявіла прэс-сакратарка ўкраінскага МЗС Мар’яна Бэца. Кіеў лічыць, што ратыфікацыя дамовы адпавядае інтарэсам і Галандыі, і Украіны, і ўсяе Еўропы.
Затое са з’едлівай радасцю прынялі вынікі галандскага рэферэндуму ў Расеі. РІА Навіны ў якасці першай навіны паведамілі, што прэм’ер Галандыі абяцаў перагледзець Дамову аб асацыяцыі з Укріанай. Расейскія журналісты абшырна цытуюць галандскага дэпутата ад Сацыялістычнай партыі Гары ва Бомэля, якія заявіў, што “Еўразвяз ужо сыты па горла сваёй цяперашняй перазагружанасцю”. Па яго словах, неразумна падпісваць Дамову аб асацыяцыі з краінай, дзе працягваецца канфлікт, гінуць людзі, але дзе, акрамя палітычнай нестабільнасці, карупцыя носіць сістэмны характар. “Еўрапейскія грошы трапяць не ў тыя кішэні,” – заявіў дэпутат перад мікрафонамі выключна расейскіх медыя.
Наконт карупцыі ва Украіне спрачацца не прыходзіцца, бо, прынамсі дагэтуль, там гэта, сапраўды, невылечная хвароба. Аднак не Расеі выпадае каго-небудзь у гэтым папракаць. Мяне хвалюе іншае: за свой еўрапейскі выбар украінцы заплацілі неверагодна высокую цану. Пасля ўсяго гэтага адвярнуцца ад іх спіною – проста амаральна. Дзіўна, што Еўразвяз прымае рашэнні абсалютна адзінадумна, калі паўсюль рашэнні прымаюцца большасцю галасоў. Вазьміце не проста 28 чалавек, але нават 14, і яны ва ўсім не будуць адзінадумнымі. Пуцін зацікаўлены ў развале Еўразвязу і НАТО, заўсёды подкупам альбо іншым чынам знойдзе сярод еўрапейскіх палітыкаў так званых “карысных ідыётаў”. Толькі ці ў важных справаў варта на іх аглядацца?