На Клімавіччыне ўлада імкнецца забыць Чарнобыль



Да нядаўняга часу рэгіён Клімавіччыны на Магілёўшчыне лічыўся ці не самым забруджаным пасля Чарнобыля. Адных цалкам адселеных вёсак было 16. 29 паселішчаў, дзе радыяцыя звыш 1 кюры, мелі статус пацярпелых. Аж пакуль тут зрабілі гіганцкі крок да забыцця Чарнобыля – на 5000 га забруджаных тэрыторый быў адменены кантрольна-прапускны рэжым. Што там сёння, праз 30 год пасля аварыі? Кажа ўласны карэспандэнт незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Аржанцаў:

– У паселішчах была тая ж самая зона з перыядычным радыяцыйным кантролем. Ёсць вёскі, якія цалкам пахавалі. А некаторыя засталіся, і там былі людзі, і іх правяралі на радыяцыю. Можна зайсці на любую вуліцу і пабачыць, што ўсё больш становіцца дамоў, дзе няма людзей. Фактычна не засталося людзей маладога веку – пенсіянеры, глыбокія старыкі, якім проста няма куды ехаць. І калі такое робіцца ў вёсках, якія лічыліся і лічацца нармальнымі, то што казаць пра астатнія.

Пасля гадавой даўніны ўказа Лукашэнкі для 7 раёнаў Магілёўшчыны былі вызначаныя “асаблівыя ўмовы развіцця”. У тым ліку, і для Клімавіцкага. Фактычна ж, паводле адмыслоўцаў, яны былі афіцыйна прызнаныя як “зона бедства”. А становішча жыхароў у іх толькі пагаршаецца.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя