Сусветны банк: Перспектывы беларускай эканомікі залежаць ад Расеі



Цэны на нафту, якія аказваюць вызначальны ўплыў на развіццё расейскай і беларускай эканомік, рэзка расці не будуць. Такое меркаванне выказаў галоўны эканаміст Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Ханс Тымер, адказваючы 7 красавіка ў ходзе відэаканферэнцыі на пытанні беларускіх журналістаў.

10-jeroendelange-1

Ён адзначыў, што рэцэсія, у якую Расея — галоўны гандлёвы партнёр Беларусі — увайшла ў 2015 годзе, можа захавацца і ў 2016—2017 гады. „Рэцэсія ў Расеі прыводзіць да скарачэння імпарту. Адпаведна магчымасці Беларусі па павелічэнні экспарту ў Расею знізіліся”, — канстатаваў Тымер.

Адказваючы на пытанне пра тое, як будуць мяняцца цэны на нафту, якія аказваюць вызначальны ўплыў на развіццё эканомік Расеі і Беларусі, галоўны эканаміст Сусветнага банка выказаў здагадку, што кошт вуглевадароднай сыравіны на сусветным рынку можа стабілізавацца. „Малаверагодна, што цэны на нафту вернуцца ў найбліжэйшы час на адзнаку 100 даляраў за барэль. Наўрад ці сітуацыя можа змяніцца ў параўнанні з цяперашнім узроўнем больш чым на 5—10 даляраў за барэль”, — лічыць Тымер.

Ён канстатаваў, што суадносіны паміж попытам і прапановай на сусветным рынку нафты істотна змяніліся і падставы для хуткага росту цэн на нафту сёння не праглядаюцца. „Цана нафты 40 даляраў за барэль — добрая ацэнка таго, што можа быць у будучыні. Рэзка цэны на нафту на сусветным рынку не ўзнімуцца”, — выказаў упэўненасць галоўны эканаміст Сусветнага банка.

На пытанне беларускіх журналістаў пра тое, ці можа Усходняя Еўропа разлічваць на прыцягненне інвестыцый з прычыны зніжэння кошту рабочай сілы, Тымер адказаў: „Кошт рабочай сілы ў Беларусі і ў іншых краінах Усходняй Еўропы сапраўды знізіўся. Гэта адкрывае магчымасці для прыцягнення інвестыцый. Станоўчыя вынікі ў гэтай частцы магчымыя, калі будуць створаны адпаведныя ўмовы”.

belapan.by