Слонімскія артысты пакажуць у Гародні п’есу Галубка



Калектыў Слонімскага драматычнага тэатра ў нядзелю, 10 красавіка, правядзе аднадзённыя гастролі ў Гародні.

7D745DD72651D26B4C1FD9E08F3C8EFBD3FE5544491A2CA872^pimgpsh_fullsize_distr

На сцэне Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра слонімскія артысты пакажуць два спектаклі: адзін для юных гледачоў, другі – для дарослых. Юныя гледачы Гародні пабачаць казку “Чарадзейная лямпа Аладдзіна”, а дарослых гледачоў павесяліць камедыя “Вось табе і гоцаца!”. Камедыя складаецца з дзвюх дзеяў: з п’ес Уладзіслава Галубка і А.Чужыніна. Калі Уладзіслаў Галубок і яго п’есы добра знаёмыя беларускім гледачам, то прозвішча Чужыніна яны, бадай, чуюць упершыню. Хіба што пра гэтага ўкраінскага драматурга ведаюць даследчыкі тэатральнага мастацтва. Ягоны жарт у адным акце „Пярэстая красуля” на беларускай мове друкаваўся нашымі суайчыннікамі ў „Зборніку сцэнічных твораў” у 1957 годзе ў Беластоку.

Вясёлы сцэнічны жарт Чужыніна пра старога Мешчаніна, яго дачку Барбару, яе жаніха Тобі і гандляра Марганчыка слонімскія акцёры падрыхтавалі з непрыхаваным імпэтам і мноствам бліскучых творчых знаходак. У другой дзеі іхнюю „эстафету” падтрымала гісторыя заляцанняў Дзяка да Пісарыхі з галубкоўскіх „Пісаравых імянін”.

У пастаноўцы шмат танцаў, музыкі, жартаў. І, думаецца, гарадзенскія гледачы – прыхільнікі свайго, беларускага, роднага, вясёлага – са шчырай асалодай прымуць спектакль слонімскіх артыстаў.

cms-image-000015585

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара