У Баранавічах зруйнуюць стогадовы будынак, каб пабудаваць краму



Будынак былога наркалагічнага дыспансера, пабудаваны ў 1895 годзе, зруйнуе новы ўладальнік — гандлёвае прадпрыемства «Санта Брэмар». На яго месцы будзе пабудаваняа прадуктовая крама.

Будынак

Новы ўласнік — гандлёвае прадпрыемства «Санта Брэмар» – набыло стары будынак з аўкцыёну ў 2015 годзе за 482 млн рублёў.

«Баранавіцкі гарвыканкам даў нам год на знос будынка. У нас яшчэ ёсць час для разбору будынка, але мы б хацелі завяршыць знос да канца 2016 года», — растлумачылі ў даччыным падпадзяленні кампаніі — «Санта Рытэйл».

На гэтым месцы плануецца пабудаваць прадуктовую краму, у якой будзе прадавацца ў тым ліку і прадукцыя «Санта Брэмар». Канчатковы тэрмін будаўніцтва — 2018 год.

Будынак былога наркалагічнага дыспансера збіраліся руйнаваць некалькі разоў. Яшчэ ў 2010 годзе яго планавалі прыбраць, а на расчышчанай тэрыторыі хацелі пабудаваць шматфункцыянальны комплекс, які ўключае новы будынак аўтавакзала на тысячу квадратных метраў з пасадкавай платформай на 13 аўтобусаў, гандлёвы цэнтр з боўлінгам, дыска-клубам і рэстаранам. Меркаваная сума ўсіх інвестыцый складала 15-25 млн даляраў. Але гэты амбіцыйны праект так і не быў ажыццёўлены.

Будынак

У 2013 годзе ўлады збіраліся пашырыць гандлёвыя плошчы рынку «Кірмаш Палескі» і зрабіць аўтастаянку. Але і на гэты план не знайшлося інвестара. У 2015 годзе вуліцу Тэльмана сталі пашыраць, і над будынкам наркалогіі зноў навісла пагроза зносу. Вуліцу пашырылі без гэтай радыкальнай меры, а само памяшканне прадалі з аўкцыёну з абавязковай умовай зносу за кошт новага ўладальніка.

Памяшканне наркалагічнага дыспансера, а раней — былога даходнага дома размяшчаецца каля гістарычных будынкаў аптэкі Станіслава Лаеўскага і пажарнага дэпо 30-х гадоў пабудовы, якія ахоўваюцца дзяржавай. Разам гэтыя будынкі складаюць адзіны архітэктурны ансамбль і ствараюць зону гістарычнай забудовы.

Intex-press