Як сёння жывуць чарнобыльскія перасяленцы?



Ужо амаль дваццаць пяць год жывуць у мястэчку Вялікая Бераставіца перасяленцы з радыяцыйна забруджаных абшараў Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі.

dom

На фота: „Чарнобыльскі дом”.

Мясцовы калгас ў пачатку дзевяностых даў магчымасць людзям пабудаваць пяціпавярховы дом па вуліцы Матросава. Дом знаходзіцца на тэрыторыі былой сядзібы графа Касакоўскага.

IMG_5869

На фота: Гаспадарчы будынак маёнтку графа Касакоўскага насупраць „Чарнобыльскага дому”.

Што змусіла пакінуць родныя Хойнікі, расказвае жыхарка „чарнобыльскага дома” Тэрэза.

– Мы ў Хойніках хату сабе збудавалі, але толькі пяць гадоў там пажылі, прыйшлося ўсё кінуць. Пераехалі, бо дзеці пачалі хварэць. Мы жылі і ў Віцебскай вобласці, і ў Менскай, але то працы не было, то жылля. Сюды прыехаць параілі нашыя сваякі. Тут працавала будаўнічая брыгада, якая складалася з перасяленцаў. Самі будавалі, самі і засялілі гэты дом.

Мясцовыя жыхары Вялікай Бераставіцы з разуменнем паставіліся да трагедыі перасяленцаў, усяляк ім дапамагалі. Цяпер, праз амаль трыццаць гадоў пасля аварыі, перасяленцы шкадуюць, што няма тых льготаў, якія давалі ў канцы 80-х удзельнікам ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі  і жыхарам забруджаных раёнаў. Асабліва наракаюць  чарнобыльцы на вялікія кошты лекаў.

IMG_5867

На фота: Рыма-каталіцкая барокавая царква адведваньня найсьвятой Багародзіцы ў самым цэнтры Вялікай Бераставіцы. Па непадцьверджаных дадзеных, тут друкавалі першыя нумары „Мужыцкае праўды”.

IMG_5868

На фота: Помнік „чырвонаму правадыру”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Вялікая Бераставіца

Фота аўтара