“Матчын рух 328”: Больш жорсткія ўмовы не вырашаць праблему



Патрабаванне кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання асуджаных за нарказлачынствы з’яўляюцца відавочным прыкладам парушэння правоў чалавека і праявай бездапаможнасці ўлады ў справе барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў.

Такой думкі прытрымліваецца старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнню сацыяльна–асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар. Па словах грамадскай актывісткі, жорсткія ўмовы ўтрымання ніякім чынам не спрыяюць вырашэнню праблемы:

– Суворае пакаранне ніяк не зробіць лепей таго, што напэўна ёсць. Хацелася б верыць, што ўсё ж такі наш прэзідэнт негледзячы на вось гэтыя свае заявы пра ўзмацненне зразумее, што адной жорсткасцю нельга паўплываць на рашэнне гэтай праблемы.

На адмысловай нарадзе, прысвечанай праблемам наркаманіі і  наркабізнесу, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў пагоршыць умовы ўтрымання для асуджаных за нарказлачынствы і пазбавіць іх магчымасці датэрміновага вызвалення.

Бягучым часам у беларускіх турмах знаходзіцца больш за 4000 асуджаных па наркатычных справах. Яшчэ адна 1140 чалавек у следчых ізалятарах чакаюць адпраўкі ў турмы, якія перапоўненыя нарказлачынцамі.

Маніторынг грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” сведчыць пра тое, што вялікая колькасць моладзі прыцягваецца да адказнасці паводле сфальсіфікаваных справаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня