Роварныя рэйды па Усходняй Беласточчыне



З 10-га красавіка, у Бельску-Падляшскім пачынаецца цыкл экспедыцыяў па ваколіцах Гайнаўшчыны ды Бельшчыны пад назвай «Нядзельнае роварнае папалудне». Рэйды будуць адбывацца раз у два тыдні і пачынацца з ратушнай плошчы. Мерапрыемства ладзіць Бельская роварная ініцыятыва. Кажа чалец аб’яднання, Томаш Барона:

— Мы хочам, каб людзі выйшлі з дамоў, селі на ровар, паездзілі — каб жылі здарова. Цяпер у нас такі лад жыцця калі бесперапынна кампутар і тэлевізар, а мы хочам каб усе дыхалі свежым падляшскім паветрам, каб спазналі нашу ваколіцу. Мы можам паехаць у кожны бок і паказаць храмы, касцёлы, па лесе паездзіць. У нас ёсць такія сцяжыны, што людзі нават не здагадваюцца пра гэта.

Мэтавай кропкай бліжэйшай роварнай экскурсіі стане Грабавец (што ў гміне Дубічы-Царкоўныя). Маршрут складае каля 20-ці кіламетраў. Старт рэйду ў 12 гадзін. З падрабязнасцямі наконт «Нядзельных роварных папалудняў» можна пазнаёміцца на фэйсбук-старонцы Бельскай роварнай ініцыятывы.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя