Дзяржаўныя сацыёлагі супраць незалежных



Хваля крытыкі распачалася пасля публікацыі сакавіцкіх сацыялагічных даследаванняў, дзе сцвярджалася, што за Аляксандра Лукашэнку гатовыя прагаласаваць толькі 27% беларусаў. Дзяржаўныя сацыёлагі выступілі з заявамі, дзе раскрытыкавалі дзейнасць Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, які праводзіў даследаванне. Тады дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксей Дэрбін сказаў, што любыя вынікі можна «на каленцы намаляваць, толькі яны ня будуць мець нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй», а дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў нават узгадаў пра адказнасць за такога кшталту даследаванні.

І на гэту заяву асаблівую ўвагу звяртае кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў:

— Гэта ўжо скрыты заклік да рэпрэсіяў: калі нехта парушае, значыць трэба зрабіць так, каб яны не парушалі. Як бы не ставіцца да НІСЭПД, верыць ці не верыць, любіць ці не любіць, ёсць просты факт: амаль усю інфармацыю, за рэдкім выключэннем, усе вынікі, якія атрымлівае НІСЭПД, не важна вынікі гэта нацыянальных апытанняў, інтэрв′ю, экспертаў, аналізаў — абсалютна розных сацыяльных даследаванняў, — усё гэта аддаецца назад грамадству.   

Яны даступныя на афіцыйнай старонцы незалежнага інстытута і выкарыстоўваюцца для працы многімі структурамі – удакладняе Алег Манаеў. Паводле якога такая рэакцыя уладаў на даследаванні сведчыць толькі пра тое, што яны прымусілі ўлады задумацца.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя