Дэбютанты лігі на вяршыні табліцы!



У першым матчы другога туру нацыянальнага чэмпіянату па футболе абсалютны дэбютант вышэйшай лігі „Іслач” адолеў на выездзе мікашэвіцкі „Граніт” – 1:0. Адзіны мяч у сустрэчы на 30-й хвіліне забіў хаўбек Андрэй Місюк. Такім чынам клуб з Менскай вобласці як мінімум на адзін дзень з 6-цю максімальнымі ачкамі ўзначаліў турнірную табліцу.

На другім месцы пасля суботы ідуць іншыя дэбютанты – сталічныя „Крумкачы”, у якіх стала 4 ачкі. У Менску гэтая каманда дамаглася першай вікторыі ў мацнейшым дывізіёне, адолеўшы гарадзенскі „Нёман” – 2:1. У першым тайме вызначыўся дасведчаны Вячаслаў Глеб (17-я хвіліна). На 70-й лепшы снайпер айчыннага футболу Раман Васілюк параўняў лічбы на табло. Але апошняе слова засталося за „груганамі” – на 88-й хвіліне паўабаронца Сяргей Шчэгрыковіч прынёс сапраўдную радасць трэнерам і заўзятарам „Крумкачоў”. У вырашальным эпізодзе Сяргей Корсак не рэалізаваў пенальці – брамнік „Нёману” Сяргей Курганскі парыраваў яго стрэл, але на дабіванні спрыт выявіў якраз Шчэгрыковіч.

Беларускае Радыё Рацыя