Шостая гадавіна смаленскай трагедыі
Мемарыяльную дошку ў памяць смаленскай авіякатастрофы адкрылі ля Міністэрства абароны Польшчы. На ёй змешчаны імёны загінулых, а таксама фатаграфія прэзідэнцкай пары – Марыі і Леха Качынскіх.
Мемарыяльную дошку асьвяцілі каталіцкі і праваслаўны епіскапы.
Фота PAP/ Bartłomiej Zborowski
* * *
Шэсць гадоў таму пад Смаленскам разбіўся самалёт з польскай дзяржаўнай дэлегацыяй, якая ляцела ўшанаваць расстраляных ў Катыні польскіх афіцэраў. У той дзень загінула дзевяноста шэсць чалавек, на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім і яго жонкай Марыяй.
У польскай сталіцы распачаліся мерапрыемствы ў гонар загінулых.
Была адслужана Святая Імша, пасля чаго тысячы людзей прыйшлі пад Прэзідэнцкі палац. Загінулага прэзідэнта ўзгадваюць удзельнікі жалобнай маніфестацыі:
– Лічу, што ён быў лепшым прэзідэнтам Польшчы пасля зменаў у краіне. Мы гэтага пакуль да канца не ацанілі.
– Гэта быў чалавек, які дбаў пра традыцыі.
– Тое, што зрабіў Лех Качыньскі, было абуджэннем народа, гэта быў кірунак на патрыятызм і працу. Гэта быў выдатны час, але вельмі кароткі, і закончыўся ён вельмі трагічна.
Прычыны Смаленскай трагедыі дагэтуль застаюцца няяснымі. Многія людзі ў Польшчы вінавацяць у гэтым папярэдні польскі ўрад:
– Яны проста не хацелі разбірацца ў падрабязнасцях гэтай трагедыі. І рабілі ўсё, каб толькі заблытаць справу і пусціць непраўдзівую інфармацыю. Я – інжынер. І ніколі не паверу, што гэты самалёт мог разваліцца на некалькі тысяч кавалкаў. Гэта не адпавядае законам фізікі.
– Я паходжу з-пад Львова. Там жывуць мае родныя. І ў той дзень яны мне патэлефанавалі. Яны ніколі не мелі сумненняў наконт таго, хто гэта зрабіў. Трагедыя мае савецкі след. Знайсці праўду сапраўды складана, нават тым, хто сёння ва ўрадзе. І гэтая праўда можа быць вельмі непрыемнай.
– Тое, што Польшча змагла дабіцца незалежнасці, і ёсць повадам катастрофы.
Сёння ў Варшаве пройдзе яшчэ шэраг жалобных мерапрыемстваў, сярод іншага, паказ фільмаў ды канцэрт. Таксама вечарам у цэнтры польскай сталіцы чакаецца шматтысячнае шэсце памяці.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
10 красавіка спаўняецца шостая гадавіна катастрофы польскага прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам. З гэтай нагоды ў Варшаве запланаваныя сходы, шэсці і ўрачыстасці, прысвечаныя памяці ахвяр. Найбольш мерапрыемстваў адбудзецца на пляцы перад Прэзідэнцкім палацам.
Урачыстасці пачаліся а 8.41, то бок а меркаванай гадзіне катастрофы прэзідэнцкага самалёта. А 14.30 з плошчы Трох крыжоў у напрамку палаца вырушыць шэсце. А 16.50 з прамовай выступіць прэзідэнт Анджэй Дуда, які адкрые мемарыяльную дошку, прысвечаную прэзідэнту Леху Качынскаму.
А 19.00 у архікатэдры святога Ян Хрысціцеля адбудзецца імша за ахвяр Смаленскай авіякатастрофы. Пасля набажэнства ў кірунку Прэзідэнцкага палаца рушыць Марш памяці. На завяршэнне ўрачыстасцяў, каля дзявятай вечара, выступіць старшыня кіроўнай партыі „Закон і справядлівасць” Яраслаў Качынскі – брат загінулага ў катастрофе прэзідэнта.
У Беластоку асноўныя ўрачыстасці пачнуцца імшой у касцёле святога Роха. Філіял Інстытута нацыянальнай памяці ладзіць канцэрт, прысвечаны памяці ахвяр катынскага расстрэлу і смаленскай катастрофы, ён пачнецца а 16-й у Канферэнцыйным цэнтры Беластоцкай архідыяцэзіі.
За загінулых у катастрофе таксама памоляцца ў праваслаўным манастыры ў Супраслі, дзе пахаваны архіепіскап Мірон Хадакоўскі, які знаходзіўся на борце прэзідэнцкага самалёта.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tvn24.pl