Ада Райчонак: Маё жыццё перавярнула сустрэча з “Талакой”
10 красавіка грамадская актывістка, лаўрэат прэміі “За свабоду думкі” Ада Райчонак адзначыла 79 год з дня нараджэння. І хоць жанчына ўжо ў сталым узросце, але яе грамадскай актыўнасці можна толькі пазайздросціць. Ада Эльеўна кожны год ладзіць мастацкія пленэры, краязнаўчыя канферэнцыі, беларускія святы як у Шаркоўшчынскім раёне, так і ў іншых раёнах Віцебскай вобласці.
Шмат перыпетыяў было ў жыцці жанчыны. У малалетнім узросце падчас Другой сусветнай вайны яна трапіла ў канцлагер і ледзь не загінула, потым была актыўнай камсамолкай, а ў больш сталым узросце змяніла свае погляды на жыццё і стала сапраўдай беларускай.
Ада Райчонак: Я ж была такая шчырая камсамолка. Ужо потым, калі я паразумнела, то зусім іншымі вачамі глядзела. У мяне пыталіся ці савецкая я, а я гавару: “Савецкая. А вы не савецкія?”, яны кажуць: “Не, не савецкія”. Дурніца, я не разумела сэнс таго, пра што яны ў мяне пыталіся. Цяпер і я не савецкая.
РР: Наколькі мне вядома на вашую свядомасць паўплывалі беларускія мастакі?
Ада Райчонак: Маё жыццё перавярнула сустрэча з “Талакой”. Аднойчы завітала да мяне “Талака” – гэта былі хлопцы, дзяўчаты шчырыя беларусы, для мяне яны былі, як гром з яснага неба, як кажуць. Я ніколі не чула імёнаў: Марыля, Вінцук, Зміцер, Саўка. Тады да мяне завітаў і Вінцук Вячорка са сваёй жонкай. Мы з імі ў нашай настаўніцкай размаўлялі аж да раніцы. Мне стала сорамна перад сабой, бо нашы дзеці змагаюцца за беларушчыну, а што раблю я? Літаральна на заўтра я пераклала ўсе свае музейныя экскурсіі на беларускую мову.
РР: Яны ў музей прыехалі?
Ада Райчонак: Так, яны прыехалі, ужо пра мой музей яны чулі і проста прыехалі са мной сустрэцца. Мы зараз і з сынам яго сябруем, і з Вінцуком вельмі добрыя стасункі ў нас. Сапраўды, маё выхаванне завяршыў Алесь Марачкін.
Родам я з Віцебска, проста немцы вывезлі ў лагер, гналі пехам тады на Захад, дайшлі мы да Парафьянава. Я бачыла апошнія хвіліны жыцця італьянскіх жаўнераў, якія стаялі за калючым дротам і прасілі хлеба. Толькі нас прагналі і іх пачалі расстрэльваць. Павінны былі і нас расстраляць, але не выканалі загад, жаўнеры сказалі нам уцякаць, а самі страляць пачалі па верху, так апынулася я ў Парафьянаве. Пасля дзядзя прыйшоў з фронта, ён нас забраў да сябе, так мы апынуліся ў Полацку.
РР: Вы там навучаліся?
Ада Райчонак: Так, хадзіла ў школу, скончыла педвучылішча. Калі шчыра сказаць, то я была зусім не такая, як усе, мне заўжды нечага не хапала. Трэба было прайсці піянерскую практыку – тыдзень, а я затрымалася з гэтым піянерскім атрадам на два гады. Працавала піянерважатай. У паходы і кіно хадзілі, канцэрты ставілі.
РР: Вы выйшлі замуж у Шаркоўшчынскім раёне?
Ада Райчонак: Я прыехала працаваць у слабадскую школу, піянерважатай працавала два гады, а тады настаўніцай, там і выйшла замуж. Муж мой Алег з войска вярнуўся, а потым паслалі старшынём калгасу ў Германавічы, так я і апынулася ў Германавічах. Першы свой музей я зрабіла ў слабадской школе – гэта быў гістарычны музей. Потым сустрэча з “Талакой” адвярнула мяне ад вайсковай тэмы, я многае зразумела, тым больш што ўжо адкрыта сталі пісаць, што такое вайна. І яшчэ, тое што я збірала матэрыялы, я ж хадзіла па вёсках, тады быў развенчаны ў маёй свядомасці партызанскі гераізм. Я ад ніводнага вяскоўца не чула добрага слова пра партызан.
Хто ведае Аду Райчонак, той з упэўненасцю можа сказаць, што чалавек знаходзіцца на сваім месцы. Хто, калі б не мужная Ада, вёў такую грамадскую актыўную дзейнасць у самым бедным раёне Беларусі – Шаркоўшчынскім, нягледзячы ні на якія перашкоды.
Нават яе сябра Рыгор Барадулін падпісаў для яе сваю кнігу “З дуба вецце” такімі словамі: “Вельмі мужнай спадарыне Адзе Райчонак, у якую ўтрэскаўся я да пячонак”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя