Юрась Губарэвіч: Чарнобыль працягваецца
Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавядае пра Чарнобыльскую трагедыю ў сённяшнім жыцці беларусаў.
Нагадаем, прадстаўнікі дэмакратычных сіл падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам на правядзенне 26 красавіка традыцыйнага «Чарнобыльскага Шляху».
Да 30-х угодкаў Чарнобыля аргкамітэт прапанаваў Менгарвыканкаму наступны маршрут: збор удзельнікаў на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (з 18.00 да 19.00), шэсце па праспекце Незалежнасці – вуліцах Сурганава і Арлоўскай (да 20.00), мітынг і ўскладанне кветак ля памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля».
Заяўнікамі акцыі ў гэтым годзе сталі актывісты Руху «За Свабоду», Партыі БНФ, АГП, Беларускай партыі «Зялёныя», БСДП, аргкамітэта па стварэнні Партыі БХД, Руху салідарнасці «Разам».
Юрась Губарэвіч: Гэтая трагічная падзея актуальная для беларусаў не толькі праз 30 гадоў, яна будзе актуальна і праз 100. Чарнобыль працягваецца. Як вядома, шмат якія радыёнукліды маюць перыяд паўраспаду дзясяткі і сотні гадоў, а забруджаныя тэрыторыі – ладны кавалак Беларусі. На маю думку, не зусім прадуманую палітыку праводзіць беларускае кіраўніцтва, якое вырашыла дазволіць выкарыстаннне гэтых тырэторый у сельскагаспадарчых мэтах. Складана адсачыць тую прадукцыю і яе распаўсюд па краіне. Але ж тыя наступствы, якія сёння маем, пра іх трэба крычаць у поўны голас. Гэта вялікі сярод беларусаў узровень на ракавыя захворванні, гэта страта людзей у маладым узросце. Напэўна, кожная сям’я сутыкалася з такімі выпадкамі, калі паміралі блізкія ці знаёмыя ад рака. І вельмі прыкра, калі сітуацыя замоўчваецца, а праўда хаваецца. Таму кожны год “Чарнобыльскі шлях” не страчвае актуальнасць, пра гэта трэба нагадваць пастаянна.
РР: Вы лічыце, што па сапраўдных наступствах Чарнобыля беларусы не маюць аб’ектыўнай інфармацыі?
Юрась Губарэвіч: Мяркую, што так. У якой залежнасці сёння хваробы людзей знаходзяцца ад падзей 30-гадовай даўніны? Куды ідзе прадукцыя з тэрыторый, якія знаходзіліся раней пад радыяцыяй і як гэта кантралюецца? Пра гэта мала кажуць. А пытанні актуальныя.
РР: Як стасуецца трагедыя на Чарнобылі з тым, што сёння ў Беларусі будуецца чарговая атмная электрастанцыя?
Юрась Губарэвіч: Любая АЭС – гэта патэнцыйная пагроза для краіны. Нават у такой развітай краіне, як Японія, адбылася аварыя на АЭС. Будаваць атамную электрастанцыю – гэта сядзець на бомбе з падпаленым шнурам, якая можа ў любы момант выбухнуць. Хвілінная выгода можа ў будучым прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў. Па сутнасці, з народам тут ніхто і не раіўся, таму ўся адказнасць за наступствы ляжыць на сённяшняй уладзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя