Пасквіль ад бярозаўскай раёнкі
“Шоў для саміх сябе”. Пад такой назвай у бярозаўскай раённай газеце “Маяк” з’явіўся артыкул пра акцыю апазіцыі, якая прайшла яшчэ 25-га сакавіка.
Аўтар – Сяргей Фандорын – паказаў узнікненне БНР як разгул нацыяналізма пад кіраўніцтвам Германскай імперыі, а прысутных на пікеце – як непатрэбных нікому “адшчапенцаў”. Ён таксама абвінаваціў удзельнікаў акцыі ў выкарыстанні старых плакатаў. Сапраўды, былі некалькі плакатаў з мінулага пікету “Еўразійскаму саюзу –не!” і “Беларусь не Расея. НЕ”. Але гэтыя лозунгі не страцілі сваёй актуальнасці.
Гэты матэрыял у раёнцы пракаментаваў адзін з арганізатараў пікету ў Бярозе – Сяржук Русецкі:
– Я б хацеў падзякаваць рэдакцыю “Маяка” за тое, што мерапрыемства, якое, магчыма, не мела б такога вялікага рэзанансу, дзякуючы раённай газеце стала вядомае многім жыхарам Бярозы і раёна. Яны даведаліся, што прадстаўнікі апазіцыі 25 сакавіка адзначалі Дзень Волі, што ў гэты дзень была абвешчана БНР, што мы таксама пікетавалі супраць указу №222 і дэкрэту №3.
Пасквіль супраць акцыі апазіцыі дапоўнілі карыкатурай.
Паводле арганізатараў пікету, маладым прадстаўнікам ад улады -назіральніку за пікетам намесніку начальніка аддзела ідэалогіі Аляксандру Крагелю і новаму рэдактару “Маяка” Генадзю Курыловічу трэба найперш ведаць гісторыю Беларусі і быць больш цвярозымі ў ацэнцы падзей.
Пікет у Бярозе на Дзень Волі прайшоў паводле ўзгаднення з уладамі. Яго ўдзельнікі таксама выказалі пратэст супраць указаў прэзідэнта, якія рэгулююць дзейнасць прадпрымальнікаў, ды ўводзяць так званы падатак “на дармаедства”.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза