Наталля Сліж: Гістарычныя будынкі знеслі – на іх месцы клумбы
У Менску тром гістарычным дамам пагражаюць зносам. Патрыяршы экзарх праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прапануе выключыць гэтыя будынкі па вуліцы Вызвалення са спісу гісторыка-культурных помнікаў. На іх месцы царкоўнікі прапануюць наватвор. Ці здолее менская інтэлігенцыя адстаяць гэтыя помнікі? У Гародні яшчэ памятаюць падзеі дзесяцігадовай даўніны. Тады, чыноўнікі выпрабоўвалі гарадзенцаў на „патрыятызм”, знішчаючы гістарычны цэнтр – Савецкі пляц.
Згадвае гісторык Наталля Сліж:
– Тады гэта проста не магло не зачапіць. А часам нас гэта і падзяліла. Калі ты займаешся гісторыяй, і гісторыяй сваёй краіны, цябе не можа не зачапіць калі ідзе руйнаванне твайго ўласнага горада, тым больш гістарычных каштоўнасцяў, калі экскаватарамі праводзяць раскопы, калі вынішчаюць сам дух горада. І тады пад пагрозай быў увогуле ўвесь цэнтр горада. Адзін за другім руйнаваліся будынкі. І дарэчы на сённяшні дзень на іх месцы нічога не паўстала – толькі клумбы.
За апошняе дзесяцігоддзе пратэст інтэлігенцыі ў Гародні супраць свавольства чыноўнікаў абласнога ўзроўню ў дачыненні да захавання гістарычных здабыткаў быў бадай адзіным у Беларусі. Да зваротаў у розныя інстанцыі Менску ў час так званай „рэканструкцыі” дадаліся і дзеянні, каб перашкодзіць будаўнічай тэхніцы руйнаваць падмуркі забудоваў, палацаў і ратушы. Таму гэта набыло вялікі розгалас у Беларусі і свеце.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя