Чарговы крок па барацьбе з імпартам
„Беларусы не стануць купляць больш айчынных тавараў пасля ўвядзення абмежаванняў на мяжы”, – лічыць эканаміст Барыс Жаліба.
З 14 красавіка для беларусаў зменяцца правілы ўвозу тавараў для асабістага карыстання.
Нагадаем, 11 лютага 2016 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ нумар 40, у якім унесены змяненні ва ўказ нумар 360 ад 21 ліпеня 2014 года „Аб перамяшчэнні праз мытную граніцу Мытнага саюза ў Рэспубліцы Беларусь тавараў для асабістага карыстання”.
Указам ўнесены змяненні ў парадак перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання праз аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску. Норма 1,5 тыс. еўра і 50 кг бяспошліннага ўвозу застаецца дзейнай, але калі грамадзяне будуць перасякаць граніцу часцей за адзін раз у тры месяцы, тавары сумай большай за 300 еўра не будуць прызнавацца мытнымі органамі таварамі для асабістага карыстання, а, значыць, будуць абкладацца мытнымі плацяжамі.
Барыс Жаліба: Гэта чарговы крок уладаў па барацьбе з імпартам. Да таго ж, калі нехта будзе перавышаць нормы, гэта яшчэ і магчымасць папоўніць бюджэт за кошт пошлін. Аднак, не думаю, што ад гэтага будзе вялікі прыбытак, які істотна зменіць гаротнае бюджэтнае становішча. Іншая справа, што менш імпартных тавараў беларусы будуць увозіць. Асабліва гэта закране тых, хто жыве на памежных тэрыторыях. Народ там, не маючы працы, зарабляў у асноўным на «рэйдах» за мяжу, а зараз гэтую крыніцу прыбытку закрываюць. Беларусы ў апошні час упадабалі «шопінг» у той жа Польшчы ці Літве, бо там тавары куды таннейшыя і больш якасныя. Такім чынам, з краіны вывозіліся мільярды даляраў. І, натуральна, абвастрэнне дэфіцыту валюты ў краіне выклікала непапулярныя ў народзе меры. Улады не захацелі мірыцца з такім становішча, а іншых метадаў акрамя, як забараніць, у іх не знайшлося.
РР: Ці стануць зараз беларусы больш купляць айчынных тавараў?
— Наўрад ці. Нават унутры краіны людзі аддаюць перавагу імпартным таварам, чым айчынным. Зараз ужо вельмі мала тых, хто вырашыў набыць, напрыклад, той жа тэлевізар “Гарызонт” альбо купіць беларускі абутак. Такімі мерамі дзяржава эканамічных праблемаў не вырашыць. Канкурэнтную прадукцыю трэба ствараць, а не забароны ўводзіць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя