МАЗ і МТЗ не згубяць дзяржаўную падтрымку



Сталічныя прадпрыемствы МАЗ і МТЗ не згубяць дзяржаўную падтрымку і будуць працягваць працу пры любых умовах. Такую заяву зрабіла першая намесніца старшыні камітэта эканомікі Менгарвыканкама Таццяна Краўчанка. Яна адзначыла, што цяпер у развіцці прамысловасці акцэнт робіцца на інавацыях, але “традыцыйнае машынабудаванне – гэта здабытак краіны, таму з рахункаў скідаць яго нельга”.

Леў Марголін

Эканаміст Леў Марголін лічыць, што цягнік беларускага машынабудавання ўжо сышоў:

– Ва ўсім свеце ў апошнія дваццаць год ідзе ўзбуйненне аўтамабільнай вытворчасці. Нам трэба было неяк уключыцца ў такія гарызантальныя ланцужкі аўтамабільнай вытворчасці, мы гэтага не зрабілі. Дапамога дзяржавы зараз не вельмі шмат што можа вырашыць. Себекошт нашых аўтамабіляў у суадносінах цаны і якасці будзе такі, што мы не зможам прадаваць нашы аўтамабілі нікуды акрамя Беларусі. Нават у Расеі яны будуць неканкурэнтаздольныя, там ёсць “Камаз”, вытворчасці заходнія і ўсходнія.

Адной з умоваў працягнення дзяржаўнай падтрымкі МТЗ і МАЗу называецца мадэрнізацыя вытворчасці. Прадстаўніца сталічных уладаў Таццяна Краўчанка пры гэтым не стала каментаваць інфармацыю аб праблемах на прадпрыемствах, але патлумачыла падзенне попыту на іх прадукцыю крызісам у эканоміцы Расеі, якая спажывае вялікую частку прадукцыі беларускіх заводаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя