Беларусь хоча істотнага зніжэння цаны на газ



Беларускі ўрад працягвае весці перамовы з расейскім “Газпрамам” пра змяншэнне цаны на газ. Паводле прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, цана расейскага газу за тысячу кубаметраў павінна складаць 80 даляраў, а цяпер яна складае 142 даляры.

Эканамічны эксперт Леў Марголін лічыць такую цану і патрабаванні беларускага ўраду цалкам абгрунтаванымі:

– У нас захаваліся мінулагоднія кошты ў валюце. Але за гэты перыяд вельмі змяніўся курс валюты. І таму тыя расейскія прадпрыемствы, якія плацяць па старых коштах, але ў расейскіх рублях, маюць перавагу перад беларускімі прадпрыемствамі. І таму цалкам абгрунтавана прад’яўляць такую прэтэнзію, бо калі ў нас адзіная эканамічная прастора, агульны звяз, то трэба і каб умовы былі таксама аднолькавымі.

“Але і Уладзімір Пуцін яшчэ 15 гадоў таму казаў: “Хочаце плаціць у расейскіх рублях і па расейскіх коштах, уступайце ў склад Расеі”, – адзначае Леў Марголін. Ён прагназуе, што падобныя праблемы ў адносінах Беларусі і Расеі будуць узнікаць пастаянна.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 2000.ua