ДНР крытыкуе Лукашэнку



У непрызнанай ДНР раскрытыкавалі Аляксандра Лукашэнку. На інтэрнэт-рэсурсе “Інфармацыйная агенцыя Наваросія” з’явіўся разгромны артыкл тамтэйшага ідэолага Андрэя Князева з красамоўным назовам “Бацька, досыць гуляць з агнём!”

lukashenka_dnr

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Артыкул ідэолага непрызнанай рэспублікі Андрэя Князева напісаны ў лепшых традыцыях савецкага агітпропу, але з відавочна расейска-імперскім ухілам. Нашу краіну ідэолаг самагалошанай ДНР упарта называе “Белоруссіей”, а ва ўсіх праблемах на постсавецкае прасторы вінаваціць выключна Злучаныя Штаты і Захад.

Прапагандыст Князеў закідае Аляксандру Лукашэнку кантакты з заходнімі лідарамі, і тое, што Лукашэнка не спрыяе размяшчэнню ў Беларусі расейскай вайсковай базы, і нават здраду Пуціну. Але больш за ўсё Князева раздражняе, што Лукашэнка нібыта “гадуе беларускі нацыяналізм”.

“Нацыяналізм, – сцвярджае данецкі ідэолаг, – абсалютна некіруемая сіла, сіла дэструктыўная, якая стварае толькі хаос, ксенафобію і нянавісць”. “Падыгрываць нацыяналістычнай меншасці, адмятаючы ўсе ранейшыя дамоўленасці наконт расейскай вайсковай базы – вельмі недальнабачна і нават небяспечна!” – папярэджвае ён напрыканцы артыкула.

Інфармацыйнае Агенцыя “Наваросія” створанае ў 2014 годзе і знаходзіцца ў Маскве. Адна з дэклараваных агенцыяй мэтаў – асвятленне працэсаў, якія адбываюцца на абшарах так званага “Русского мира”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя