Алесь Мех: Рэжым выпрацаваў тактыку запалохвання актывістаў



Грамадскі актывіст з Кобрына Алесь Мех накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суддзі Цэнтральнага раёна Менска Таццяны Рак. Сваім рашэннем суддзя Рак пакарала Алеся Меха штрафам звыш 10 мільёнаў рублёў толькі за прысутнасць на акцыі святкавання Дня Волі 25 сакавіка. Алесь Мех не выступаў на акцыі, у руках не трымаў ні транспарантаў, ні сцягоў.

– Рэжым выпрацаваў тактыку запалохвання актывістаў, выкарыстоўваючы судовыя ўстановы. Я б назваў іх злачыннымі тройкамі. У суд выклікаюцца два сведкі-міліцыянты, якія ілжэсведчаць. А трэцяя асоба – гэта непасрэдна суддзя, якая робіць выгляд, што верыць гэтым міліцыянтам.  А ўсе іншыя сведчанні і доказы з боку грамадскіх актывістаў – яна проста адхіляе. 

На думку Алеся Меха, усім грамадскім актывістам, што прайшлі праз такія суды, трэба збіраць і фіксаваць матэр’ялы спраў на будучыню. На яго думку, гэта трэба рабіць, каб суддзі і міліцыянты адказалі за свае злачынствы. Дамагацца ў  Еўразвяза абмежаванняў іх уезду ў Еўропу, і калі ёсць грошы ў замежных банках, замарожвання іх рахункаў, – пакрэслівае кобрынскі актывіст.

Беларускае Радыё Рацыя