Спектакль, які паўстаў у атмасферы скандалу
Спектакль, які паўстаў у атмасферы скандалу. Так пра навейшую пастаноўку драматычнага тэатра імя Александра Вэнгеркі ў Беластоку кажа ягоная дырэктарка Агнешка Карыткоўская-Мазур.
Спектакль «Белая сіла чорная памяць» выклікае абурэнне палітыкаў правых сілаў і некаторых арганізацыяў, пераважна звязаных з каталіцкім касцёлам у Падляшскім ваяводстве. Былі нават спробы цэнзуры – кажа Агнешка Карыткоўская-Мазур:
— Разам са спадарыняй Малгажатай Дамбровіч мы правялі некалькі сустрэчаў з маршалкам Жыўна. Спробы ціску былі хутчэй на маршалка, а нам іх толькі пераказвалі. Там з’яўляліся такія звесткі, якія былі момантамі смешнымі, момантамі страшнымі, бо наўпрост умешваліся ў сцэнічныя рашэнні.
Сцэнар спектакля напісаў Пётр Ровіцкі на аснове рэпартажу, кніжкі Марціна Концкага «Беласток «Белая сіла, чорная памяць», але гэта аўтаномны твор, які пасуе да шматлікіх гарадоў у Польшчы кажа рэжысэр спектакля Пётр Ратайчак:
— Тое, што апісвае аўтар — гэта шырэйшая праблема і гэтым мы хочам падзяліцца. Сёння гісторыя, якую нястомна выкарыстоўваюць у палітычных мэтах, а мы не да канца разлічыліся з ёй, гэтая гісторыя выплывае. А з іншага боку надзвычай кранальны вобраз гарадской матэрыі, дзе ўладу трымае пэўная група. Мы размаўляем і дзелімся непакоем на гэтыя дзве галоўныя тэмы.
Прэм’ера адбудзецца ў суботу вечарам. У гэты дзень перад тэатрам запланаваныя пікеты праціўнікаў спектакля, арганізаваныя крайнімі нацыяналістычнымі сіламі, а таксама незаяўленыя афіцыйна пратэсты.
Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя