Аляксандр Пілюк: Хворыя ўрачы дбаюць пра наша здароўе?!



Дзевяць год таму кінуў службу ўрача «хуткай дапамогі» сённяшні кансультант міжнароднай медыцынскай карпарацыі «Сібірскае здароўе» Аляксандр Пілюк. За гэты час стаў пастаянным аўтарам часопіса «Народная медыцына». Друкуецца і ў медыцынскіх спецыялізаваных часопісах, дзе, бадай, кожны артыкул – сенсацыя і падстава для дыскусій. Бо галоўная тэза – «сучасная навуковая медыцына нікога не збаўляе. Больш таго, не ставіць гэткай задачы». Называе сябе прыхільнікам «духоўнай медыцыны». Спрабаваў балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. Акурат днямі ў сталічнай «Акадэмкнізе» ды кнігарнях краіны з’явілася ў продажы кніга Аляксандра Пілюка «Хворым урачам пра здароўе».

IMG_0996

IMG_0992

IMG_0993

Між іншым, напачатку я й сустрэўся з яго пацыентам, а пасля з адным з першых чытачоў – паэтам, навукоўцам Алесем Клышкам. Апошні сваё збаўленне ад, здавалася, невылечнай хваробы лічыць не «цудадзейным», як прызнаюцца яго тытулаваныя ўрачы. Але вялікай малітоўнай працай над самым ды ўжываннем альтэрнатыўных лекавых сродкаў.

IMG_0994

Віктар з Менску, пацыент:

Хварэў на такую непрыемную хваробу, як падагра. Мяне «калолі» ды «калолі» уколамі. Выпадкова пабываў на лекцыі Пілюка, пасля якой спытаў яго, ці магчыма нешта зрабіць альтэрнатыўнымі сродкамі? Ён мне прапанаваў некалькі відаў гарбаты з лекавымі травянымі ды біядабаўкамі. Праз два тыдні заўважыў, што не маю патрэба ва ўколах. Спажываю іх ужо год. Увогуле, зразумеў, што мала ведаю пра сябе. А наша медыцына гэтаму не спрыяе. Добра, што ён кажа пра складаныя рэчы простай мовай.

IMG_0133

Алесь Клышка:

— Літаратуры пра аздараўленчыя метады лячэння «без таблетак» зараз з’яўляецца багата. Але кніга Пілюка для мяне вызначаецца найперш тым, што напісаў яе веруючы чалавек, у тым ліку, у справу, якой займаецца. Яго высновы мне вельмі блізкія ды зразумелыя. Найперш, пра еднасць духа і фізічнага здароўя. Дайце веры – калі ты хварэеш «душой», дык нясеш і фізічныя страты. Свой асабісты вопыт набыў у часе смяротнай, як казалі ўрачы, хваробы цягам апошніх пакутных васьмі гадоў. Калі я, амаль нерухомы, маючы несуцяшальныя прагнозы ад дактароў, проста перастаў іх слухаць. Не таму што не паважаю, а зразумеў, што ўсе хваробы набыў цягам папярэдняга грэшнага жыцця. Набраўся мужнасці і папрасіў ва Усявышняга ды ўсіх прабачэння. На сабе й зразумеў, што калі пачынаеш пакаянне з сябе, Гасподзь і падымае цябе на больш высокую духоўную, а затым і фізічную прыступкі. Тут што найперш важна разам з «чысткамі» страўніка, загартоўкай, лазнямі – ачыстка думак! Маючы 4 штучных сустава пасля мноства аперацый – я хаджу, не карыстаюся ані кіёчкамі, ані мыліцамі, ані, не дай божа, інвалідным вазком. Тыя, хто мяне ведаюць, кажуць: «Алесь, ты стаў іншым…» Самае галоўнае, я лічу,  у кнізе – аўтар выбудаваў духоўна-аздараўленчую «лесвіцу»: з чаго пачынаецца здароўе, як яго лячыць  і спрагназаваў наступствы…

Наш госць – Аляксандр Уладзіміравіч Пілюк:

IMG_0950

РР: Вы пішаце, што ў зону пошукаў прычын хваробаў уваходзілі і Біблія, Каран, Бхагават-Гіта, акультызм, магія, знахарства, гіпноз, кнігі Блаватскай, Алены Рэрых. Якія дадаткі да Вашай надрукаванай «канцэпцыі здароўя доктара Пілюка» яны зрабілі?

— Разумееце, вызначэнне «здароўя», паводле афіцыйнага прызнання Сусветнай федэрацыі аховы здароўя, укладаецца ў простую формулу – гэта калі «у цябе няма хваробы». Але ж фармакалогія адно лечыць, другое калечыць. У таблетках ксенабіотыкі – ад «ксена», у перакладзе «чужародны». Што прадугледжвае другасныя эфекты ды і ўскладненні знянацку ў арганізме. Наша медыцына сёння пажыццёва лечыць «аналізы». Не ўлічваючы, што існуюць жыццёвыя нягоды, стрэсы, глыбокія ўнутраныя перажыванні. А калі паглядзець на чэргі старых людзей у аптэках, дык гэта проста ўзаконеная «фармакаманія»! Дзе яны, адно ў аднаго, ў чэргах толькі ўзвінчваюць эмоцыі ды ўласныя здані. Прыйшоў да таго, што прычыны нашых захворванняў прытойваюцца ў душы, духу. Каб больш зразумела для чытачоў – напрыклад, радаводныя праграмы – хваробы, што перадаюцца ад бацькоў, бабуль з дзядулямі ці яшчэ праз больш даўняе «калена». Навука тлумачыць – «гены вінаватыя». Насамрэч, яны – толькі носьбіты «душэўнай» інфармацыі. А чалавек мусіць іх праз пакаленні «адпрацаваць»…

РР: Але ва ўзгаданай эзатэрычнай літаратуры гаворыцца і пра тое, што хваробы, у тым ліку, даюцца нам і дзеля збаўлення

Гэта так. Ёсць псіхалагічны тэст, што прапаноўвае раскласці, паводле прыярытэтаў, жыццёвыя каштоўнасці – «я сам», дзеці, жонка, муж. Прыходзіць днямі на прыём пажылая жанчына і ў часе размовы ды па дыягназе – хвароба Бехцерава – разумею, што зашмат спраў узваліла на сябе, што і аддаецца на пазванках. Калі яны «спайваюцца», зрастаюцца ў выніку запаленчага працэсу і адбываецца балючае ўшчамленне спіна-мазгавых нерваў. Што прыводзіць аж да інваліднасці – а ёй усяго 32! А ўсё адбываецца, калі жанчына бярэ на сабе ролю мужчыны, галавы сямейства. У мужчын жа – калі пастаянна заклапочаныя тым, ці змогуць забяспечыць дабрабыт, купіць кватэру ці аўто. Не дарэмна ў народзе кажуць – «узваліў на плечы», «сядзяць на шыі». Дык тая дзяўчына ў тым тэсце мужа паставіла аж на 5 месца. Хоць псіхолагі кажуць, што нічога няма важней за «я сам», а ўжо на другім мусіць быць муж. Бо ў часе сямейнага жыцця дзве душы, калі гармонія, рэзаніруюць і сілу, энергію, здароўе. Іх атрымліваюць закаханыя людзі! Радасць – таксама жыватворны цуд! Дзяўчына ўсё, відаць, асэнсавала і праз некалькі тыдняў пачала, змяніўшы жыццёвы рэжым, ужо хадзіць без мыліц. Хоць для такіх хвароб  перыяд лячэння паўгода-год…

РР: Перш чым стаць «урачом агульнай практыкі», як напісана ў візітоўцы, 9 год таму Вы сышлі з афіцыйнай медыцыны – з «хуткай дапамогі», дзе дагэтуль таксама шмат працавалі…

— Мне шмат хто пасля казаўС: «Цябе ж там так паважалі!» Адказваў:  «А ведаеце на колькі? На 40 умоўных адзінак па тых часах пасля месяца катаржнай працы! І без варыянтаў – а ў мяне тры дзіця, сям’ю карміць трэба!» Падахвоціла і фенаменальная статыстыка наконт таго, што ўрачы паміраюць часцей за пацыентаў – да 50 гадоў на 32%, а хірургі, прынамсі, на40 % менш жывуць чым тыя, каго яны спрабуюць лячыць. А ў медінстытутах так і замбіруюць: «палаючы сам, дапамажы іншым!». А ўмовы працы такія, што можаш згарэць так хутка, што й не паспееш дапамагчы. Ці кажуць: усе праходзяць праз цяжкасці. Дык і хіба вечна так будзем жыць?!

РР: Пакуль Вы кансультант карпарацыі, але ў будучыні і перад вамі, магчыма, паўстане патрэба адкрыцця ўласнага лячэбнага цэнтра. А значыць, закране прэзідэнцкі ўказ № 475, які зараз актыўна абмяркоўваецца. Паводле яго, у прыватных медыцынскіх цэнтрах могуць працаваць урачы толькі 1і 2 катэгорыі. Вас гэта будзе тычыцца?

Так! Адна сяброўка расказала, што ў санаторыі, дзе працуе, пад пагрозай звальнення ім загадалі тэрмінова «па-любому» зрабіць хоць другую катэгорыю. Тыпова «савецкае» вырашэнне праблемы! Але ж усе разумеюць першапрычыну – любымі шляхамі не дапусціць, каб здольныя маладыя медыкі не пайшлі ў прыватныя цэнтры. Каб, увогуле, не беглі з медыцыны. Я ведаю калег, што дзверы зараз усталёўваюць, хтосьці ў ІП падаўся. Пытанне ж рашаецца проста – плаціце альбо дайце цывілізавана зарабіць! Я, між іншым, калі сыходзіў, даведаўся пра заробкі дэпутатаў ПП. На той момант гэта было 40 млн. Я тады вырашыў баластавацца ў дэпутаты – не за грошы, а каб з трыбуны разануць праўду-матку пра нашу «навуковую медыцыну». Начальства хутка адбіла ахвоту. Бо спачатку наіўна схадзіў да галоўурача па дазвол сабраць 300 патрэбных за цябе тады, калі ва ўстанове, подпісаў – маўляў, па кватэрах патрэбна аж тысячу. Быў шакааваны адказам – як ты пасмеў туды без дазволу сунуцца, здымай кандыдатуру, бо інакш звольню «па артыкуле» і з «воўчым квітком», дастанем усюды! Дый лепш і не працаваць табе ў нашай сістэме з такімі думкамі. І гэта было адзінае, у чым я з медчыноўнікам пагадзіўся…

РР: Вы на сваім сайце пішаце, што ў любым узросце можна паказаць, як захаваць здароўе. Чым можаце пахваліцца?

— Часцяком лаўлю сябе зранку на думцы: «Вось бы яшчэ паспаць!» Дый павесяліцца, як і ўсе, ахвочы з сябрамі. Але, як той казаў – хто ж як не я?! Магу, як яшчэ ў войску, напоўніцу прабегчы 6 км. Адціснуцца ад падлогі 70 разоў. На адной назе прысесці раз 40. Паверце, адмыслоўцы кажуць, што ад урачоў здароўе залежыць толькі на 10 %. Значна менш, чым ад пестыцыдаў на палетках, з’едзенага кавалка сала ці кілбасы з «хіміяй».

РР: У вас ёсць свой дэвіз?

— Паўтараю выказванне Поля Брэга – «Каб падоўжыць жыццё, дастаткова не ўкарочваць яго».  І дадаю – «Не атручваць сябе!»

Гутарыў Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара