Ці ёсць перспектывы ў гандлі з Еўропай?
Cустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавядае пра тое, чаму не развіваецца тавараабарот паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
За 2015 год тавараабарот Беларусі з краінамі Еўразвязу склаў 14,3 млрд. даляраў і знізіўся больш чым на 5,5 млрд. даляраў у параўнанні з 2014 годам. Дынаміка пачатку 2016 года таксама не абнадзейвае: за першы месяц тавараабарот склаў склаў 876,1 млн. даляраў, што менш на 22,8% у параўнанні са студзенем 2015-га, інфармуюць naviny.by.
ВіктарМаргелаў: Нічога дзіўнага ў зніжэнні тавараабароту з Еўразвязам няма. Па-першае, значна знізіліся цэны на нафту і нафтапрадукты, а гэта было асноўным пунктам беларускага экспарту ў Еўропу. Аб′ёмы можа і не знізіліся, але цэны зрабілі ў выніку сваю справу. Таксама знізіліся і цэны на калійныя ўгнаенні, якія Беларусь таксама шмат экспартуе. А астатняе, як кажуць, капейкі, якія вялікай ролі не гуляюць.
РР: Калі не браць у разлік нафту, нафтапрадукты ды калійныя ўгнаенні, то якія перспектывы гандлю з Еўропай?
— Не вельмі добрыя. У еўрапейцаў у саміх цудоўны прамысловы патэнцыял і добрыя сувязі з астатнім светам. А таму нам нешта ім прадаць з гатовай прадукцыі вельмі складана. Калі казаць пра сельскагаспадарчую прадукцыю, дык на Захадзе ёсць перавытворчасць. Машынабудаванне – сваё. Можна, натуральна, прадаваць тое, што ў Еўропе дорага альбо няма вытворчасці. Але ж трэба яшчэ прайсці сур’ёзную сертыфікацыю. Напрыклад, бітумная масціка, якая робіцца ў Беларусі, у два разы таннейшая за еўрапейскую. І попыт на яе ёсць. Але ў беларускіх прадпрымальнікаў проста не хапіла грошай, каб сертыфікаваць ў Еўропе. Малыя прадпрыемствы – гэта ж не вялізная вытворчасць. Таму ў асноўным еўрапейцы бяруць у нас сыравіну. Усё астатняе — маленькая кропля ў вялікай долі экспарту.
Кастусь Заблоцкі, Беларуская Радыё Рацыя