МЗС: Сярод пацярпелых ад землятрусу ў Эквадоры грамадзян Беларусі няма
У выніку землятрусу ў Эквадоры супрацоўнікі беларускай амбасады і беларускіх кампаній не пацярпелі. Вядзецца маніторынг сітуацыі, паведамілі БЕЛТА ў МЗС Беларусі.
Колькасць ахвяр магутнага землятрусу ў Эквадоры дасягнула 77 чалавек, каля 600 атрымалі раненні, паведамляюць інфармагенцтвы. Раней паведамлялася пра 41 загінулага. Землятрус магнітудай 7,8 адбыўся ў ноч на 17 красавіка ля берагоў Эквадора. Эпіцэнтр падземных штуршкоў знаходзіўся ў 14 км на паўночны захад ад горада Педерналес. Ачаг стыхіі залягаў на глыбіні 10 км.
Землятрус знішчыў вялікую колькасць будынкаў, у тым ліку і жылых дамоў у прыбярэжных рэгіёнах. У многіх раёнах адсутнічае электрычнасць і водазабеспячэнне, назіраюцца перабоі з сувяззю. У правінцыі, пацярпелыя ад удару стыхіі, накіравана 10 тыс. вайскоўцаў і 3,5 тыс. паліцыянтаў. Спецыялісты працуюць над ліквідацыяй наступстваў землятрусу, вядуць разбор завалаў і рамантуюць лініі электраперадачы.
У краіне аб’яўлены рэжым надзвычайнага становішча.
Фота з Twitter Blоomberg