Крэдыту ад МВФ пакуль не будзе
Міжнародны валютны фонд не гатовы крэдытаваць Беларусь. Абавязацельствы, якія кіраўніцтва Беларусі гатова ўзяць на сябе ў рамках рэфармавання, не задавальняюць МВФ. Перадумовы, якія мусіць выканаць Беларусь для атрымання крэдыту, можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі, кажа эканаміст Леў Марголін. Першую – сацыяльную ўмову – пазбавіцца папулізму, улады больш-менш выконваюць:
– Падвышэнне камунальных плацяжоў і нават падаткі на тых, хто не працуе, гэта ўсё лёгка, бо гэта не закранае інтарэсаў самой улады і тых, хто, як кажуць, пасецца каля яе.
Але галоўная частка рэформаў – гэта зрабіць так, каб эканоміка пачала нармальна працаваць і развівацца, дадае Леў Марголін:
– Каб прадукцыя нашай эканомікі не асядала на складах, патрэбны сапраўдныя рэформы – эканамічныя, палітычныя, юрыдычныя. І іх таксама патрабуе МВФ. Але гэтыя рэформы небяспечныя для самой улады, таму што любая прыватызацыя, любыя рэформы ў сферы правасуддзя, у сферы палітычнай сістэмы адбіраюць ва ўлады магчымасці кіравання – ручнога кіравання людзьмі.
Беларускія перамоўшчыкі дамовіліся з МВФ “прадоўжыць узаемадзеянне па ацэнцы эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і дапрацаваць умовы рэалізацыі новай праграмы”. На думку незалежнага эканаміста, гэта ўсяго ілюзія дыялогу. Улады Беларусі падтрымліваюць яго, каб пазбегнуць абвінавачання ў тым, што не супрацоўнічаюць з міжнародным фондам.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя