Справа 1930 г. «Індывідуальны прадпрымальнік як вораг народа»



Для Савецкай улады індывідуальныя прадпрымальнікі былі амаль такімі ж ворагамі, як эсэры, трацкісты, бухарынцы ды іншыя контррэвалюцыянеры. Прычына палягала навідавоку: чалавека, які зарабляе на жыццё саматужкі, кантраляваць куды цяжэй, чым дзяржаўнага службоўца.

Але ж цалкам забараніць прадпрымальніцтва не наважыліся нават за Сталіным. Тагачасныя бізнесоўцы называліся «саматужнікамі» і каціраваліся дзяржавай крыху вышэй за «недарэзаных буржуеў».

У архівах Службы Бяспекі Украіны, адкрытых для даследавання, можна знайсці і справы, заведзеныя на «саматужнікаў»-беларусаў.

У 1930 годзе ў аддзяленне ГПУ мястэчка Гарадня, што ў Чарнігаўскай вобласці, паступіў данос ад Уладзіміра Нікіфарава. Руплівец савецкай улады паведамляў, што мясцовы саматужнік Сава Кузміч Баранаў — контррэвалюцыйны элемент і ўдзельнік антысавецкай паўстанцка-дыверсійнай арганізацыі.

Сам Баранаў вось ужо шмат гадоў займаўся вытворчасцю свойскіх каўбасаў, гадаваў траіх дзетак, па выходных прымаў гасцей і ні пра якую палітычную дзейнасць нават не думаў.

Уголовное дело № 2035. Городнянское отделение ГПУ. Баранов Савва Кузьмич, беларус, 1892 г. р., уроженец села Рудня-Прибытковская Гомельского р-на Гомельской области, до ареста проживал в Городне Черниговской губернии. Из крестьян-бедняков, кустарь-одиночка, по профессии колбасник.

Из протокола допроса Саввы Баранова. «С 1924 года я работал дома, имел свою мастерскую. Иногда ко мне заходили гости, в том числе и Никифоров. Мы с ними выпивали, но ни их политическими взглядами, ни их происхождением я не интересовался»

Але сігнал пра «антысавецкую паўстанцкую арганізацыю» ў невялічкім ўкраінскім мястэчку не мог прайсці незаўважаным. З Баранавым усё было зразумела – саматужнік не мог сімпатызаваць Савецкай уладзе па вызначэнні. Толькі вось на «паўстанцка-дыверсійную арганізацыю» адзін чалавек не цягнуў. І тады “органы” узяліся за вывучэнне асобы даносчыка…

Уголовное дело № 2035. Следствием установлено, что Никифоров, член садово-огороднического товарищества — бывший офицер царской армии. Установлена его связь с другими офицерами царской армии. Из дополнительных показаний Никифорова установлено, что в беседе с сыном жандарма, недавно вернувшимся из Польши, Никифоров выяснил, что Польша собирается наступать на Украину и в связи с этим поляки питают очень большую надежду на использование Никифорова. Всего в городе Городня Черниговской губернии проживает контрреволюционная диверсионная организация в составе 200 человек, и Никифорова пригласили стать руководителем данной организации…»

Так чалавек, які напісаў на суседа данос, сам ператварыўся ў закаранелага контррэвалюцыянера. Органам ГПУ заставалася толькі стварыць віртуальную паўстанцка-тэрарыстычную структуру, якая і атрымала гучную назву «Дело Господа».

Калі б Сава Баранаў  быў не індывідуальным прадпрымальнікам, а «сацыяльна блізкім» люмпенам ці нават крымінальнікам —  ён мог бы адкруціцца і ўмоўным тэрмінам. Але ж «саматужнік» ідэальна ўпісваўся ў схему антысавецкай арганізацыі, бо ўжо быў патэнцыйным «ворагам Савецкай улады».

«Постановление Киевского оперативного сектора ГПУ СССР от 6 августа 1931 года. Баранов Савва Кузьмич, житель города Городня Черниговской губернии, кустарь-одиночка, обвиняется в участии в контрреволюционной организации. Ему предъявлены обвинения по ст. 54-2 и 54-4 Уголовного Кодекса УССР…»

У следчай справе няма ніякіх звестак пра далейшы лёс «саматужніка» Савы Баранава. Магчыма, яго адправілі на будаўніцтва Беламора-Балтыйскага канала імя таварыша Сталіна, куды ў тыя часы адпраўлялі сотні тысяч зняволеных з усяго Савецкага Саюза і адкуль дзясяткі тысяч людзей не вярнуліся.

* * *

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_01

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_02

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_03

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_04

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_05

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_06

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_07

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_08

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_09

2016-04-19_achromienka_na_uliku_kdb_4_10

У архівах украінскіх спецслужбаў ёсць і справы на тых нашых землякоў, якіх беспадстаўна вінавацілі ў «добраахвотнай дапамозе фашыстам».

Пра адну з такіх справаў мы і пагаворым наступным разам.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

 Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўная справа “П-10005”