Кнігі Зянона Пазьняка ізноў прызналі экстрэмісцкімі



Суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Таццяна Гаргадзэ прызнала кнігі Зянона Пазьняка “Добрая фатаграфія” і “Курапаты. Народны мемарыял” экстрэмісцкай літаратурай. Суды цягнуцца ўжо сем месяцаў, а абаронцы кнігаў з прадстаўнікоў партыі, якой кіруе Зянон Пазьняк, назіралі дзіўныя, на іхнюю думку, факты падчас працэсаў.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, які праходзіць у якасці сведкі, напрыклад, ні разу падчас працэсу не пабачыў сам прадмет спрэчкі:

– Суд нават не прыняў хадайніцтва, каб гэтыя кнігі былі прадстаўленыя на працэсе. Я нават павесяліўся з гэтай нагоды.

Прадстаўнікі КХП БНФ таксама заяўляюць, што справа мае палітычны падтэкст, таму што экспертнае заключэнне, якое лічыць кнігі Пазьняка экстрэмісцкімі і якое бярэ да ўвагі суд, складзена сябрамі наўпроставых палітычных апанентаў партыі – прадстаўнікамі прапрэзідэнцкай “Белай Русі”. “Мы пойдзем далей да камітэта ААН па правах чалавека”, – зазначыў Беленькі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце