У Баранавічах збіраюць подпісы за адмену ўказа №222
У Беларусі ідзе збор подпісаў за адмену ўказа №222. Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык лічыць гэта змаганнем за свабоду не толькі дзейнасці прадпрымальнікаў, але за свабоду і дабрабыт усяго грамадства. Паколькі асноўная частка беларусаў карысталася ў побытовым плане паслугамі рынкаў. У іх гэта адабралі. Тым не менш пачатак збору подпісаў выклікаў пэўныя складанасці, кажа Рыгор Грык:
– Збіраю я 2 дні. Сабраў каля 20 подпісаў. Вельмі цяжка, таму што людзі кажуць, што ім гэта не патрэбна, што ад гэтага нічога не зменіцца. У іх ужо ёсць паперы, якія пацвярджаюць іхні тавар.
За адмену ўказа ахвотней ставяць подпісы шэраговыя грамадзяне, чым самі прадпрымальнікі. Падпісанты хочуць, каб развіваўся дробны бізнэс, каб ствараліся працоўныя месцы:
Аляксандр: Улада толькі ўсё забараняе. Ніякага пазітыву. Толькі агульны негатыў.
Андрэй, інвалід другой непрацоўнай групы: Я падпісаўся, таму што ўсё сваё жыццё абутак, вопратку і прадукты харчавання заўсёды браў на кірмашы.
Аляксей Шчарбакоў: Справа ў тым, што людзям перашкаджаюць працаваць, працаваць на саміх сябе.
Сабраць 50 тысяч подпісаў супраць указа №222 неабходна для звароту ў Канстытуцыйны суд Беларусі, да кіраўніка дзяржавы і ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Беларускае Радыё Рацыя