Нацменшасці Падляшша непакояцца і задаюць пытанні
Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Падляшша сустрэліся са службоўцамі Міністэрства ўнутраных спраў. Падчас сустрэчы іх выслухаў дырэктар Дэпартамента рэлігійных веравызнанняў ды нацыянальных і этнічных меншасцяў у міністэрстве Юзаф Ружанскі.
Нацыянальныя меншасці непакояцца з-за апошніх ксенафобскіх маршаў, якія ладзіліся польскімі нацыяналістамі, кажа намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:
– Канешне не гледзячы на страх не перастану быць беларусам, але рэальна адчуваю такі страх, што можа нешта дрэннае здарыцца са мной ці членамі маёй сям’і, паколькі нарастаюць такія рухі ў нашай краіне, і ў нашым рэгіёне, у нас у Беластоку, якія не бачаць месца ўсяму іншаму.
Па словах падляшскага ваяводы Багдана Пашкоўскага, праваахоўныя службы не могуць нічога зрабіць:
– Будзем размаўляць на гэтую тэму. На гэтай дзейнасці засяроджана пэўная ўвага прадстаўнікоў арганізацый нацыянальных меншасцяў. Ёсць непакой, які быў выказаны падчас сустрэчы. Не будзе нейкіх дзеянняў, якія могуць адбіцца на жыцці і спосабе функцыянавання нацыянальнай меншасці.
У суботу ў Беластоку адбыўся марш прадстаўнікоў нацыянальна-радыкальнага лагера (ONR).
Таксама нацыяналісты зладзілі акцыю пратэсту перад драмтэатрам супраць п’есы пастаўленай паводле кнігі „Белая сіла чорная памяць” у якой Марцін Концкі расказвае пра беластоцкіх неафашыстаў ды іх сувязі з мясцовымі ўладамі.
[Not a valid template]
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара