У Алеся Макаева канфіскавалі тавары на 47 мільёнаў рублёў



Судовыя выканаўцы Савецкага раёну Менску канфіскавалі ў прадпрымальніка і грамадскага актывіста, намесніка старшыні Руху салідарнасці „Разам” Алеся Макаева тавары на 47 мільёнаў рублёў. Па яго словах, яго ўжо не аднойчы прысуджалі да штрафаў за грамадскую дзейнасць. Зараз прыйшлі тры пратаколы за мітынг 24 лістапада 2015 года і за два пікеты. Ёсць запазычанасці ў яго і як прадпрымальніка. Але тое, што было канфіскавана 20 красавіка, пойдзе на пагашэнне запазычанасцяў па штрафах за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах і мітынгах.

– Частку тавараў загрузілі ў мінівэн. Іржавая машына прыехала з нейкага канфіскату. Пратакол з вопісам па канфіскацыі я атрымаю пазней, абяцаюць на днях аддаць, бо не было капіркі. Яны апісвалі гэта ўсё асадкай у адным экземпляры. Забралі пэўную колькасць тавару. Нават узялі крыху больш. Аднак, насамрэч, у мяне штрафаў значна болей – каля 10 пратаколаў.

Таму пратаколы з разных судоў яшчэ будуць прыходзіць да судовых выканаўцаў, і такія канфіскацыі яшчэ працягнуцца. Гэта ўжо не першая спроба канфіскаваць тавар Алеся Макаева: судовыя выканаўцы прыходзілі да прадпрымальніка і грамадскага актывіста яшчэ 15 красавіка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя