Падвышэнне пенсійнага ўзросту — толькі «першы крок»



Цяперашняе рашэнне пра падвышэнні пенсійнага ўзросту на тры гады Лукашэнка назваў «першым крокам». «Ён будзе доўжыцца 6-7 гадоў, а далей вернемся да гэтага пытання, калі ў гэтым будзе неабходнасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы у час штогадовага паслання да народа і Нацыянальнага сходу.  Пры гэтым ён адзначыў, што пытанне пра павелічэнне пенсійнага ўзросту атрымала «асаблівы грамадскі рэзананс». Але, па словах Лукашэнкі, каля траціны людзей пенсійнага ўзросту спакойна прынялі змены і ўжо зразумелі, што трэба працаваць не выходзячы на пенсію.

Словы кіраўніка дзяржавы пракаментавала старшыня грамадскага аб’яднання пенсіянераў Таццяна Зялко:

— У нас 600 тыс. працуючых пенсіянераў, але гэта не таму, што яны зразумелі, што трэба працаваць, а таму, што ім папросту не пражыць на гэтую пенсію з нашымі цэнамі і пры нашым жыцці. Па-другое, я ад аніводнага пенсіянера, а я з імі размаўляю штодня, паверце, і з усёй Беларусі, не пачула, што ўзрост трэба павышаць. Быць на пенсіі і выступаць за павышэнне ўзросту, як гэта робяць нашы кіраўнікі, атрымоўваючы пенсіі па 15 мільёнаў плюс заробак у поўным аб′ёме, і казаць: «павышайце ўзрост», дык гэта, прабачце, зусім сораму трэба не мець. 

Як таксама зазначыў падчас свайго выступу Аляксандр Лукашэнка, ў Беларусі захаваецца цяперашняя салідарная (размеркавальная) сістэма выплаты пенсіяў, а калі «складуцца нармальныя ўмовы», дык дзяржава больш актыўна будзе прасоўваць ідэю назапашвальнай сістэмы пенсій, каб людзі паступова да гэтага прызвычайваліся.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя