Фантастычныя мары Ярмошынай?
Кіраўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавёў, ці падыдзе да беларускай выбарчай сістэмы практыка краін Балтыі і Скандынавіі.
У перспектыве Беларусі трэба арыентавацца на пераход на выбарчыя сістэмы краін Балтыі і Скандынавіі. Такое меркаванне днямі выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Яна не падтрымлівае пераход «на партыйныя спісы, як у Расеі і Украіне, калі галасуюць ўсляпую за партыі, і ў выніку выбаршчыкі атрымліваюць ката ў мяху».
“Трэба браць выбарчую сістэму Скандынаўскіх краін. Там не проста партыйны спіс, а ён адкрыты, празрысты. І выбаршчык у гэтым спісе сам вызначае, за каго з гэтага спісу прагаласуе”, — заявіла кіраўнік ЦВК.
Сяргей Калякін: Тое, што Ярмошына вырашыла арыентавацца на выбарчыя сістэмы краін Балтыі і Скандынавіі, – гэта добрае памкненне. Праўда, яна чамусьці не дадала, што для такога пераходу трэба правесці ў краіне вельмі сур’ёзныя палітычныя рэформы. У Балтыі і Скандынавіі на самой справе выбары праходзяць па партыйных спісах, але гэта вельмі адкрытыя выбары, дзе ўсе працэдуры празрыстыя. Таму заява Яромошынай добрая. Калі ўлада пойдзе на такі крок, яго можна будзе толькі вітаць.
РР: Але ці ёсць жаданне ва ўладаў ісці на такі крок?
Сяргей Калякін: Увогуле, рэалізаваць усё даволі проста. Неабходна толькі палітычная воля людзей, якія прымаюць рашэнні. А вось пра волю трэба пытацца ў Ярмошынай, калі яна ўжо вырашыла ўкараняць у беларускае заканадаўства балтыйска-скандынаўскі вопыт.
РР: А можа проста абяцаннямі і заявамі пускаюць пыл у вочы Захаду, ад якога чакаюць крэдыт?
Сяргей Калякін: Мяркую, што такія нумары ўжо не праходзяць. Словы – гэта словы, а ацэньваць будуць па справах. Хаця пазітыўна, што пра гэта кажуць і арыентуюцца на прагрэсіўныя дэмакратычныя сістэмы. Зрэшты, чыноўнікі ўжо не раз заяўлялі, што яны зробяць у краіне самыя дэмакратычныя выбары, але ўсё заставалася па-ранейшаму.
РР: Ад парламенцкіх выбараў таксама прыемных сюрпрызаў не чакаеце?
Сяргей Калякін: Думаю, яны пройдуць без карэнных зменаў. Не веру я ў адкрыты падлік галасоў. Але, як кажуць, усе карты на стале, таму час пакажа, хто што сказаў і хто што зрабіў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя