5 тысяч турыстаў скарысталася бязвізавым рухам у Белавежы



b2479cf9b75317de7cdab058a92542b4Бязвізавы рух для замежных турыстаў у беларускую частку Белавежскай пушчы карыстаецца папулярнасцю. У той жа час разглядаецца пытанне, каб і рэгіён Аўгустоўскага канала стаў зонай бязвізавага рэжыму.

Адпаведны ўнёсак цяпер знаходзіцца на разглядзе беларускага ўраду – пра гэта паведамілі radio.bialystok у амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Варшаве.

“Падобны бязвізавы рух ужо дзейнічае ў рэгіёне Белавежскай пушчы”, – прыгадвае дырэктар беластоцкага турыстычнага агенцтва Junior Яўген Лаўранюк. Ён адзначае, што на Аўгустоўскім канале размешчаны рачны пункт пропуску Рудаўка-Лясная, які хоць і запатрабаваны сезонна, але мае значныя перспектывы:

Я думаю, зыходзячы з досведу, што зацікаўленасць турыстаў будзе вельмі высокай. З практыкі арганізацыі паездак на падставе бязвізавага руху ў беларускую частку Белавежскай пушчы, магу сказаць, што раней у год мы мелі 1-2 тысячы турыстаў. Цяпер жа лічбы іншыя – толькі па бязвізавым рэжыме з Польшчы ды іншых краінаў Еўропы скарысталася гэтым 5 тысяч турыстаў. Так што бязвізавы рух на Аўгустоўскім канале – гэта вельмі добрая ідэя. Няхай яна рэалізуецца, і турызм развіваецца.

Прыгадаем, што бязвізавы рух у Белавежскай пушчы адкрылі афіцыйная 12 чэрвеня 2015 года, калі выехала і першая група з Польшчы ў складзе журналістаў. Яўген Лаўранюк дадае, што цяпер дастаткова звярнуцца ў турфірму за 2-3 дні да планаванай паездкі, і за гэты час будзе аформлены адмысловы дазвол на ўезд. Кошты таксама дэмакратычныя – 60-70 злотых разам з некалькімі квіткамі ў музеі, да гэтага дадаюцца аплаты за экскурсійнае суправаджэнне ў выпадку паездкі ў складзе турыстычнай групы.

Таксама на тэму бязвізавага руху на Аўгустоўскім канале нядаўна выказаўся міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко ў час адкрыцця міжнароднага турыстычнага кірмашу “Адпачынак 2016”. Паводле яго, такі рух прыцягне шмат турыстаў з Еўразвязу, а беларуская частка канала мае вялікі турыстычны патэнцыял.

Яўген Лаўранюк адзначыў і тое, што польскія турысты сталі больш ахвотна наведваць і іншыя часткі Беларусі па візах. Найбольшай папулярнасцю пры гэтым карыстаюцца Гарадзеншчына і Берасцейшчына – Гародня, Наваградак, Мір, Жыровічы, Ліда, Ружаны, Пружаны, Берасце ды іншыя мясцовасці. Гэта ўжо не аднадзённыя экскурсіі, як у Белавежскую пушчу, а на некалькі дзён.

На думку нашага суразмоўцы, на сітуацыю значна паўплывала і паляпшэнне стасункаў паміж афіцыйным Менскам ды Еўразвязам. Многія турысты пасля наведвання Беларусі вяртаюцца “прыемна шакаванымі”:

– Многія пасля вяртання нам пішуць. Частка палякаў надалей думае, што Беларусь – гэта дрэнныя дарогі і дрэнныя гатэлі, ды ўвогуле там амаль мядзведзі па дарогах ходзяць. А калі яны прыязджаюць у Беларусь, то яны шакаваныя тым, што бачаць. Вельмі Беларусь падабаецца польскім турыстам, падабаюцца музеі, адрэстаўраваныя замкі ў Міры і Нясвіжы, вельмі падабаюцца.

Цалкам размова з прадстаўніком турыстычнага бізнесу Беластока Яўгенам Лаўранюком прагучыць у праграме “Рэгіянальны кур’ер: ад Гародні – да Берасця” ў пятніцу 22 красавіка ў 21.05 і ў нядзелю 24 красавіка ў 8.05 паводле беларускага часу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.