Выстава “Горад, які ты страціў” – першая акцыя культурнага супраціву ў Пінску
Чвэрць стагоддзя таму ў Пінску адбылася першая грамадская апазіцыйная акцыя за савецкі час. Дырэктар гарадской дзіцячай мастацкай школы, графік Яўген Шатохін арганізаваў вулічную экспазіцыю, ў якой задаўся пытаннем: “Хто вінаваты ў знішчэнні гісторыка-архітэктурнай спадчыны Пінску?”
Мастак паказаў пінчанам прыгажосць старога Пінска і параўнаў з тагачасным выглядам. Эфект быў ашаламляльны, – ўзгадвае краязнаўца Эдвард Злобін:
– Калі ён зрабіў выставу “Горад, які ты страціў”, выстава пінчан проста ўзрушыла. Я ведаю вельмі шмат людзей, якія пачалі цікавіцца горадам.
Грамадская акцыя Шатохіна паўплывала на лакальныя палітычныя змены. Ужо вясной 1990 году ў сталіцы Палесся адбываецца першы мітынг апазіцыі, які правёў Яўген Шатохін.
Да першай паловы нулявых мастак заставаўся нязменным арганізатарам у Пінску публічных грамадска-палітычных мерапрыемстваў. Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя