Сябры БХД ладзяць вандроўку па мясцінах легендарных „хадэкаў”



У наступным годзе ў Беларусі будуць адзначаць стагоддзе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Партыя БХД пачала падрыхтоўку да гэтага юбілею. Напярэдадні ўрачыстасцяў сябры БХД наладзяць некалькі паездак па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю лідараў хрысціянскай дэмакратыі.

Кажа сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец:

– У нас будзе паездка па рэгіёнах – 23-24 красавіка. Мы будзем з Анатолем Астапенкам у паездцы, якая прысвечана 100-годдзю БХД. Праз год будзем адзначаць стагоддзе. Мы зараз едзем у разведку па мясцінах, дзе працавалі гераічныя ксяндзы, якія пашыралі беларускасць 100 гадоў таму. Едзем мы ў Глыбокае, Докшыцы, Шаркоўшчыну, Дзісну, Друю, Браслаў. Вось па такіх мясцінах.

Хрысціянская дэмакратычная злучанасць была заснаваная ў траўні 1917-га году ў Петраградзе. Сярод заснавальнікаў і ідэолагаў былі Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Францішак Будзька, Казімір Сваяк і іншыя. У пазнейшыя гады многія лідары і актывісты БХД за сваю дзейнасць былі рэпрэсаваныя савецкім, а падчас акупацыі Беларусі фашыстоўскай Нямеччынай, і нацысцкім рэжымам.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя