Станіслаў Суднік: Гэта дзеці незалежнасці і іх тысячы
Як вядома, грамадзянін Беларусі, стваральнік сайта 1863x.com, знаходзіцца ў турме Бранска. “Эдуард Пальчыс – з адметна выяўленымі якасцямі лідара, талковы, сумленны і вельмі разумны чалавек,” – так яго ахарактарызаваў Станіслаў Суднік, старшыня суполак ТБМ і БНФ у Лідзе. Ён некаторы час кантактаваў з Пальчысам, які вырас і вучыўся ў гэтым горадзе.
– Хай не спадзяюцца, што ён адзін. Іх сотні і тысячы гэтых хлопцаў. І не пераловяць яны іх усіх. Не перасадзяць яны іх усіх. І развіваецца беларуская нацыя. І займаюць гэтыя людзі пасады і ў Беларусі, і ў замежжы. Расце патэнцыял – і інтэлектуальны, і арганізацйны – беларускага этнаса. Хай яны не спадзяюцца, што гэта адзінкі. Гэта масавая з’ява. Гэта дзеці незалежнасці.
Эдуард Пальчыс – заснавальнік сайта 1863х.com па мянушцы “Jhon Silver” -напрыканцы студзеня арыштаваны і змешчаны ў бранскую турму. Днямі ў Менску паўстаў камітэт “Свабоду Эдуарду Пальчысу”, які будзе змагацца за яго вызваленне.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя