ДАІ і байкеры



Напачатку байкерскага сезону дзяржаўная аўтаінспекцыя праводзіць адмысловыя рэйды, каб выявіць парушальнікаў сярод аматараў байкаў ды канфіскоўвае тэхнічна непадрыхтаваныя да вясенне-летняга сезону матацыклы. Настаўнік пінскай аўтамабільнай школы Аляксандр Шаўцоў адзначае, што амаль кожная аварыя з ўдзелам матацыклістаў мае цяжкія наступствы:

– Адбываюцца дарожна-транспартныя здарэнні з цяжкімі наступствамі. Бо матацыкліст не абаронены, гінуць у асноўным маладыя людзі, сярэдні ўзрост каля 25 гадоў, не вышэй. Адзін з рычагоў уздзеяння на гэтую катэгорую дарожнага руху – гэта іх допуск на права атрымання правоў кіроўца.

Паводле афіцыйнае статыстыкі, летась у Беларусі адбылося каля 400 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў, з якіх большасць па віне саміх матацыклістаў.

Тым часам, анлайн-петыцыя за адстаўку міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча набрала паўтысячы подпісаў. У тэксце дакументу гаворыцца, што Шуневіч не дае рады сваім службовым абавязкам. Пад яго кіраўніцтвам супрацоўнікі ДАІ праяўляюць некампетэнтнасць у галіне бяспекі дарожнага руху, парушаюць з пастаяннай перыядычнасцю заканадаўства ў сферы правоў і свабодаў грамадзянаў, страцілі давер у насельніцтва.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя