Калі б не чарнобыльская катастрофа, Беларусь была б развітай еўрапейскай краінай



550293735Такое меркаванне ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў член-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук (РАН), біёлаг Аляксей Яблакаў.

Яблакаў прымае ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Чарнобыль +30», якая 24 красавіка праходзіць у Менску.

Форум арганізаваны экалагічным таварыствам «Зялёная сетка» пры падтрымцы кіеўскага філіяла Фонду Генрыха Бёля (Германія), Сусветнай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Еўрапейскай партыі зялёных.

«Беларусь магла б жыць непараўнальна лепш, калі б не Чарнобыль, гэта была б іншая краіна, развітая еўрапейская краіна, — сказаў навуковец. – Беларусі давялося выдаткаваць на наступствы Чарнобыля, напэўна, дзесьці 250 млрд. даляраў — ад пяці да сямі бюджэтаў краіны пайшло намарна. Так, сапраўды, трэба было падтрымліваць людзей, перасяляць, будаваць нанова, але ўсяго гэтага можна было не рабіць [калі б не было чарнобыльскай аварыі], пакінуць грошы Беларусі, і жыццё было б іншае».

Па словах навукоўца, да гэтага часу ў асноўным з-за наступстваў аварыі на ЧАЭС з Беларусі эмігравала каля 15% насельніцтва: «З’ехалі самыя актыўныя, тыя, каму хацелася развівацца. Цяпер яны будуць атрымліваць прэміі па літаратуры, фізіцы ў ЗША, Францыі, але не тут».

Вучоны адзначыў, што дакладную колькасць пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС назваць цяжка. Тым не менш ён выказаў здагадку, што наступствы катастрофы забралі жыцці не менш за 200 тысяч беларусаў, яшчэ прыкладна 1 мільён атрымалі розныя захворванні, у тым ліку анкалагічныя і сардэчна-сасудзістыя.

Наступствы гэтай тэхнагеннай аварыі, хай і кропкава, па словах Яблакава, у Беларусі адчуваюць і сёння.

Яблакаў адзначыў, што, згодна з распрацаваным для Саюзнай дзяржавы атласам наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, вялікія тэрыторыі забруджаных лясоў, палёў і рэк застануцца да 2056 года. Больш за тое, з’яўляюцца новыя небяспекі, у прыватнасці, утварэнне амерыцыю-241.

«Дадзеныя па Беларусі кажуць, што плошча небяспечнага забруджвання амерыцыем павялічыцца ў чатыры разы – да 1.300 квадратных кіламетраў, – сказаў навуковец. – Амерыцый такі ж моцны выпраменьвальнік, як цэзій і стронцый. Калі плутоній выпускае альфа-выпраменьванне, якое распаўсюджваецца на 1,5 см і ад яго можна адгарадзіцца паперай, то ад амерыцыя адгарадзіцца нельга — прамяні проста працінаюць чалавека».

«Мы не ведаем усіх наступстваў радыяцыі, і крыўдна, што яны ўсё менш і менш даследуюцца. Колькі навуковых устаноў у Беларусі займаліся наступствамі чарнобыльскай катастрофы? Зараз усе яны колькасна скарочаныя ў дзясяткі разоў, загнаныя ў Гомель. Лічыце, што беларусы спынілі гэтую працу. Гэта злачынства перад беларусамі і чалавецтвам, што перасталі даследаваць наступствы ўздзеяння радыяцыі і дапамагаць людзям», – падсумаваў Яблакаў.

Разам з тым, міжнародная экалагічная арганізацыя Greenpeace заклікае прэзідэнтаў Беларусі, Расеі і Украіны не скарачаць сацыяльную падтрымку людзей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта на міжнароднай канферэнцыі „Чарнобыль +30″ 24 красавіка ў беларускай сталіцы паведаміў кіраўнік энергетычнай праграмы ” Greenpeace Рашыд Аліеў.

Паведамляе БелаПАН

Фота ria.ru